У экспазіцыі сабраныя 12 элементаў з розных куткоў Мінскай вобласці, у тым ліку 2, якія ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта калядны абрад "Цары" з вёскі Семежава Капыльскага раёна і ўрачыстасці ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай ("Будслаўскі фэст" у Мядзельскім раёне). Характэрна, што ўсе 12 элементаў выстаўляюцца разам упершыню.
"Прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі шырокай публіцы - заўсёды значная, унікальная падзея, - адзначыў вядучы метадыст абласнога цэнтра народнай творчасці Ігар Жаўткоў. - Нематэрыяльная спадчына як культурная з'ява не да канца ацэненая грамадствам, а часам і самімі носьбітамі гэтай спадчыны. Між тым менавіта яна з'яўляецца краевугольным каменем ідэнтычнасці беларусаў. Лакальныя сакральныя і свецкія традыцыі, абрады, песні, танцы, рамёствы разам з мовай, літаратурай, жывапісам робяць аб'екты абстрактнай жывой і нежывой прыроды канкрэтнымі нашымі, беларускімі. І вобраз Беларусі (як пазл) складаецца з такіх элементаў і аб'ядноўвае нас у народ".
Наведаць экспазіцыю можна да 13 кастрычніка.
Крыніца: minsk-region.gov.by

