Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Першы ў Мінскай вобласці інтэрактыўны экалагічны цэнтр адкрыецца ў Рудзенску

18.09.2019

Першы ў Мінскай вобласці інтэрактыўны экалагічны цэнтр адкрыецца ў Рудзенску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па масмедыя Пухавіцкага раённага грамадскага аб'яднання "Пухавіцкі край" Вольга Лелюкова.

Новы інтэрактыўны адукацыйны цэнтр будзе размешчаны на базе Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната, дзе навучаюцца 125 дзяцей і падлеткаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. "Цэнтр прапануе унікальныя магчымасці для правядзення школьных заняткаў, адкрытых урокаў, пазакласных мерапрыемстваў, падрыхтоўкі да алімпіяд. Ён ствараецца з мэтай фарміравання асноў экалагічнай культуры ў дзяцей і падлеткаў і абсталяваны вучэбна-азнаямленчым комплексам, прызначаным для тэарэтычных і практычных заняткаў, - растлумачыла Вольга Лелюкова. - Комплекс розных трэнажораў і займальных настольных гульняў распрацаваны такім чынам, каб занятак можна было адаптаваць пад ўзрост вучняў і іх інтарэсы. Гэта цэлая лабараторыя з інтэрактыўнымі экспанатамі, якія дапамагаюць ператварыць сумныя ўрокі ў займальны і пазнавальны працэс. Энергазберажэнне, абыходжанне з адходамі, хімічная бяспека - аб складаных экалагічных пытаннях дзецям тут можна расказаць простай і даступнай мовай".

Адкрыццё абласнога экалагічнага інфармацыйнага цэнтра стала магчымым дзякуючы праекту "Стварэнне ўмоў і інфраструктуры для павышэння ўзроўню дасведчанасці грамадскасці па пытаннях змянення клімату", які рэалізуе "Пухавіцкі край" пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па Праграме малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Гэты праект прадугледжвае падтрымку экалагічнай адукацыі і павышэння дасведчанасці насельніцтва аб глабальных экалагічных праблемах, прасоўванне на мясцовым узроўні рашэнняў, арыентаваных на захаванне клімату, дэманстрацыю і распаўсюджванне тэхналогій, якія могуць паменшыць пагрозы для глабальнага навакольнага асяроддзя. Ён таксама прадугледжвае стварэнне і развіццё сацыяльна адказных механізмаў для падтрымкі экалагічных інавацый, умацаванне партнёрскіх адносін паміж дзяржаўнымі прыродаахоўнымі ўстановамі, экалагічнымі арганізацыямі і мясцовымі супольнасцямі для вырашэння экалагічных праблем і забеспячэння ўстойлівага развіцця.

Крыніца: minsk-region.gov.by