
9 мая адзначаецца светлае і радаснае свята – Дзень Перамогі. Ён даўно ўвайшоў у наша жыццё як сімвал свабоды, гераізму, дружбы і салідарнасці. У гэты дзень мы па-асобаму, з удзячнасцю і прызнаннем успамінаем ратны і працоўны подзвігі старэйшых пакаленняў, ветэранаў і ўдзельнікаў самай працяглай і кровапралітнай вайны.
Сёння наша памяць звернута менавіта да тых, хто набліжаў гэту дату. Немагчыма пераацаніць уклад і заслугі ў Перамогу жыхароў Міншчыны, якія самааддана змагаліся супраць ненавіснага ворага і зведалі неймаверныя нягоды вайны. Дзякуючы вашаму гераізму і мужнасці, дарагія ветэраны, мы маем магчымасць мірна жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей. І няхай яны ніколі не пазнаюць жахаў вайны.
Нізкі паклон вам, адважныя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, мужныя працаўнікі тылу і тыя, хто аддаў сваё жыццё ў імя выратавання Радзімы! Шчырая вам падзяка ад нас і будучых пакаленняў!
Наша мірная праца сёння з’яўляецца годным працягам памяці тых гераічных дзён. Мы з упэўненасцю глядзім у будучыню і робім усё магчымае ў імя міру і шчасця на Зямлі.
Сардэчна віншую ўсіх са святам Вялікай Перамогі! Жадаю моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту, аптымізму, цяпла і ўтульнасці ў вашых дамах і сем’ях.
Наталля ЯКУБІЦКАЯ,
старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў

