Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Валожынцы і красненскае гета

02.07.2020

Ваенная гісторыя маёй роднай вёскі Краснае Маладзечанскага раёна, вывучэннем якой займаюся шмат гадоў, цесна звязана з многімі населенымі пунктамі Валожынскага раёна. 

У час акупацыі фашысты пабудавалі ў Красным вялікую ваенную базу Feld park, дзе захоўвалі боепрыпасы і ваенную тэхніку. Там жа наладзілі працу майстэрняў, каб рамантаваць падбітыя машыны. Праклалі чыгуначную ветку. Па ёй, паводле архіўных дакументаў, у некаторыя дні паступала нават па два эшалоны грузаў. Па сведчанні саміх немцаў: база займала другое па значнасці месца пасля Мінску.

Зразумела, што такі буйны ваенны аб’ект не мог не зацікавіць партызан. Разведчыкі брыгады ім. Чкалава, што дзейнічала на тэрыторыі Валожынскага раёна, наладзілі сувязь з братам Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага – Казімірам і яго жонкай Люцыяй, якія спачатку жылі на хутары Дзяржынава, а пазней пераехалі ў Івянец. Там жанчына ўладкавалася перакладчыцай у гандлёвае таварыства. Як карэнная немка, яна не выклікала падазрэння ў немцаў, таму хутка ўвайшла да іх у давер. Іншы раз Люцыю запрашалі перакладаць у камендатуру, жандармерыю і гестапа. Потым яна ўвогуле перайшла туды на працу, а ў гандлёвым таварыстве яе месца заняў Казімір Эдмундавіч. Неаднаразова па працы ім давялося бываць і ў Красным. Там Дзяржынскія і сабралі для партызан важную інфармацыю па нямецкай базе. Праз некаторы час звесткі былі перададзены на “Вялікую Зямлю”. Вось што пра гэта было надрукавана ў газеце “Праўда”: “Недалёка ад горада Маладзечна ёсць вялікая вёска Краснае. Там фашысты арганізавалі вялізныя ваенныя склады. Казімір і Люцыя сабралі звесткі пра склады, перадалі іх нам (маецца на ўвазе партызанская брыгада ім. Чкалава). І неўзабаве савецкая авіяцыя нанесла па гэтых складах моцны і дакладны бомбавы ўдар. «Феерверк» атрымаўся выдатны!”

Але, на жаль, не ўсё напісанае ў гэтым артыкуле дакладна. На самай справе “феерверк” не атрымаўся. Я быў вельмі расчараваны, калі пасля апытання старажылаў, карэнных жыхароў Краснага, інфармацыю пра бамбардзіроўку ніхто не пацвердзіў, хаця такая падзея не магла прайсці непрыкметна. Зямля павінна была стагнаць ад магутных выбухаў, але іх ніхто не чуў. У чым жа справа? Адказ падказаў яшчэ адзін архіўны дакумент – рапарт солтыса вёскі Ваўкі (знаходзіцца прыкладна ў 7 кіламетрах ад Краснага): “Рапарт. На Ваш загад паведамляю, што ноччу з 8 на 9 сакавіка 1942 года бальшавіцкія самалёты зрабілі налёт на вёску Ваўкі. Скінулі 18 бомбаў, з якіх 17 разарвалася, а адна не разарвалася. Шкод жаданых не зрабілі (толькі павыпадалі шыбы ў вокнах), а ўсе бомбы ўпалі на поле воддаль ад вёскі на 100-300 метраў. 12.03.1942 г.”

Выходзіць, што ўдар савецкія самалёты ўсё ж такі нанеслі, толькі вельмі недакладна. Дзяржынскія сваю справу выканалі дасканала, перадалі патрэбную інфармацыю партызанам, але нешта пайшло не так. Казімір і Люцыя неаднойчы падказвалі мясцоваму насельніцтву пра аблавы, якія планавалі немцы, дапамагалі выратаваць моладзь ад адпраўкі ў Германію на прымусовыя работы, дабылі звесткі пра аперацыю “Герман” па блакадзе Налібоцкай пушчы летам 1943 года. Нейкім цудам ім удалося ўгаварыць нямецкае кіраўніцтва адпусціць заложнікаў, якіх схапілі пасля паспяховай аперацыі па разгроме Івянецкага гарнізона. І такіх спраў было шмат. Але праз некаторы час фашысты западозрылі Дзяржынскіх. Іх арыштавалі, доўга катавалі, дапытвалі пра партызан. Яны ўсё вытрымалі і нікога не выдалі. 24 ліпеня 1943 года Казіміра і Люцыю расстралялі ў лесе недалёка ад Івянца.

Таксама ў час вайны лёс звязаў з вёскай Краснае і іншых жыхароў Валожынскага раёна. Справа ў тым, што на буйной ваеннай базе патрабавалася рабочая сіла. Усё, што дастаўлялі, неабходна было разгрузіць, пачысціць, змазаць і г.д. Цаніліся спецыялісты па рамонце падбітай і сапсаванай тэхнікі. Але дзе ўзяць столькі рабочых рук? Для гэтых мэт немцы выкарыстоўвалі яўрэяў з бліжэйшых мястэчкаў. Перад тым, як знішчыць старых, хворых і дзяцей, з агульнай колькасці адбіралі працаздольных і адвозілі іх у Красненскае гета. Так адбывалася і ў населеных пунктах Валожынскага раёна. Колькі ўсяго іх было дастаўлена ў Краснае – невядома. Але затое ўдалося ўстанавіць імёны тых, хто змог збегчы і далучыўся да партызан. Сярод іх – Іосіф Антонавіч Гіркус 1909 года нараджэння з Валожына. 5 сакавіка 1943 года ён радавым уступіў у партызанскі атрад “За Савецкую Беларусь”.

З 1 верасня быў залічаны радавым падрыўной роты атрада ім. Кузняцова партызанскай брыгады ім. Чкалава валожынец Зэлік Маісеевіч Раговін 1923 года нараджэння. Уцякалі з Красненскага гета і жанчыны. Так, Фаня Іосіфаўна Раговіна 1920 года нараджэння была залічана ў партызанскі атрад ім. Кузняцова спачатку прачкай, а пазней пераведзена ў пякарню. У атрад “За Совецкую Беларусь” радавымі ўзялі Маісея Абрамавіча Мярсона 1893 года нараджэння і Максіма Абрамавіча Млоша 1909 года нараджэння з Валожына, а таксама Барыса Барысавіча Мілікоўскага 1924 года нараджэння з Вішнева, Уладзіміра Шаломавіча Каплана 1923 года нараджэння з Ракава.

Больш падрабязна хацелася б расказаць пра Арона Маісеевіча Раговіна 1914 года нараджэння з вёскі Белакорац. У 1928 годзе ён скончыў 6 класаў. Атрымаў рабочую спецыяльнасць. У 1936 годзе быў прызваны ў Польсую армію. З першага дня прымаў удзел у ІІ Сусветнай вайне. Але ўжо 3 верасня 1939 года быў паранены ў руку. У перыяд фашысцкай акупацыі яго даставілі спачатку ў Маладзечна, а затым у гета вёскі Краснае. Арон Маісеевіч разам з іншымі працаваў на нямецкай базе. Увесь час мужчыну не пакідала думка: трэба ўцякаць, бо прыйдзе час, і з імі абавязкова расправяцца. Вязні пайшлі на вельмі рызыкоўны крок. Са складоў яны ўпотайкі выносілі зброю і перапраўлялі партызанам. Архіўныя дакументы сведчаць, што А. М. Раговіну ўдалося перадаць 11 вінтовак, 1 кулямёт і 1000 патронаў. У ліпені 1942 года ён уцёк з гета і далучыўся да атрада ім. Кузняцова партызанскай брыгады ім. Чкалава, якая дзейнічала ў Налібоцкай пушчы. Першы час мужчына там служыў радавым стралком, а пазней – кулямётчыкам. У баявой характарыстыцы адзначалася, што ён разам з партызанамі 6 разоў удзельнічаў у разгроме варожых гарнізонаў, дзе было знішчана 16 і паранена 18 гітлераўцаў. З падрыўной групай ліквідавалі варожы эшалон: быў разбіты паравоз і 9 вагонаў з тэхнікай, боепрыпасамі і жывой сілай. Летам 1943 года, у час блакады Пушчы, 4 разы ўступаў у адкрытыя баі з ворагам. Разам з ротай вывеў са строю 4 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі немцаў і 5 мастоў. Пры адступленні нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года партызаны (сярод іх быў і Арон Маісеевіч) знішчылі 40 і ўзялі ў палон 16 немцаў. У час бою захапілі трафеі: 68 вінтовак, 11 пісталетаў, 1 аўтамат.

Хачу прывесці звесткі яшчэ пра аднаго ўраджэнца Валожынскай зямлі. Барыс Барысавіч Мілікоўскі нарадзіўся ў мястэчку Вішнева ў 1924 годзе (па іншых звестках у 1925 годзе). Да вайны паспеў скончыць 8 класаў. У партызанскі атрад “За Савецкую Белорусь” трапіў 5 студзеня 1943 года пасля таго, як збег з Красненскага гета. За адважныя дзеянні, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, быў адзначаны шасцю падзякамі ад камандавання. Прабыў там да 19 ліпеня 1944 года. А ўжо 23 ліпеня 1944 года быў прызваны Дзяржынскім РВК у Чырвоную Армію. Служыў у званні сяржанта камандзірам стралковага аддзялення 1268-а палка 385-й стралковай дывізіі. Але ўжо 13 верасня 1944 года, як сведчаць дакументы, прапаў без вестак. У яго засталася сястра (напэўна, дваюрадная) Міня Шмольсаўна Мілікоўская, якая на той час пражывала ў Вішневе.

Кожны з вышэйназваных людзей заслугоўвае таго, каб быць адпаведным чынам ушанаваным на сваёй малой радзіме.

Сяргей СТАРЫКЕВІЧ,

жыхар г. Маладзечна