За гэты час шмат яе вучняў сталі выпуснікамі. Педагог ганарыцца тым, што яе выхаванцы на ўступных іспытах па матэматыцы нязменна паказваюць добрыя веды, а значыць, атрымліваюць высокія балы.
За поспехам стаіць вялікая праца, якая складаецца з многіх фактараў. На працягу пяці гадоў Ірына Уладзіміраўна разам з Надзеяй Анатольеўнай Баркоўскай рыхтавалі каманды гімназістаў да ўдзелу ў абласных міні-турнірах юных матэматыкаў, і тыя заўсёды дастойна праяўлялі сябе і вярталіся са спаборніцтваў з дыпломамі II-III ступені. Выхаванцы нашай гераіні пастаянна паказваюць добрыя вынікі на раённым этапе прадметнай алімпіяды, прымаюць удзел у абласным. Сёлета двое рабят прайшлі на рэспубліканскі. І. У. Уланчык з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі, кіраўніком каманды прызёраў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, уключана ў склад творчай групы настаўнікаў матэматыкі Мінскай вобласці, члены якой уваходзяць у склад журы разнастайных абласных турніраў і конкурсаў, правяраюць работы ўдзельнікаў дыстанцыйных алімпіяд, займаюцца распрацоўкай метадычных матэрыялаў. Замацаваны за ёй кабінет служыць раённым рэсурсным цэнтрам па матэматыцы.
З прыўзнятым настроем Ірына Уладзіміраўна кожны дзень спяшаецца ў любімую школу, дзе яе заўсёды з нецярпеннем чакаюць вучні. Пасля 6-7 урокаў праводзіць дадатковыя заняткі з алімпіяднікамі, а ў суботу выкладае факультатыўны курс. Асаблівае задавальненне педагог атрымлівае, калі бачыць выдатныя вынікі сваёй працы. Наогул жа, І. У. Уланчык радуецца любым поспехам сваіх цяперашніх і былых выхаванцаў. Гаворыць, што самае лепшае для педагога – калі з дзяцей вырастаюць добрыя людзі.

