2 сакавіка ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра прайшла ўрачыстасць, прымеркаваная да падвядзення вынікаў работы арганізацый і працаўнікоў раёна за 2018 год.
Быць ушанаваным на мерапрыемстве такога маштабу – вялікі гонар. І гэта насамрэч адчулі больш за паўсотні лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў Валожыншчыны, якія сталі пераможцамі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур, ільну, цукровых буракоў, пасадцы бульбы, нарыхтоўцы кармоў, вызначаны ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”, а таксама кіраўнікі калектываў арганізацый, устаноў адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя, якія былі прызнаны лідарамі. Гэты дзень для іх стаў сапраўды святочным, узнёслым, радасным і адначасова хвалюючым.
Як зазначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка, прафесіяналізм, імкненне да дасягнення лепшых вынікаў – тыя якасці, якімі валодаюць працаўнікі раёна. Але сярод іх ёсць перадавікі вытворчасці: хто вядзе за сабой, на каго раўняюцца, у каго вучацца, з каго бяруць прыклад. Шчырай адданасцю справе яны даўно заваявалі павагу і аўтарытэт людзей. Сярод такіх – аператары машыннага даення ААТ “Агра-Дубінское” Вольга Міхайлаўна Чараповіч і КСУП “Пяршаі-2014” Святлана Віктараўна Швяцова; аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Жанна Канстанцінаўна Гулякевіч і Ірына Іванаўна Кульваноўская. Першую тысячу тон збожжа новага ўраджаю летась атрымаў старшы камбайнер ТАА “Тарасава” Яўген Валянцінавіч Паляшчук, старанна і добрасумленна на жніве працавалі камбайнавыя экіпажы КСУП “Пяршаі-2014” Аляксандра Сяргеевіча Ткачэнкі, ААТ “Суднікаўскі” – Дзмітрыя Дзмітрыевіча Грышалевіча. Умелае кіраўніцтва калектывам, магчымасць згуртаваць людзей і паказаць асабісты прыклад удаецца дырэктару ААТ “Агра-Дубінское” Генадзію Вацлававічу Каспяровічу, які больш за 20 гадоў узначальвае гаспадарку. Гэтыя ж якасці ўласцівыя Генадзію Уладзіміравічу Бычкоўскаму, што больш за 10 гадоў кіруе сельгасупраўленнем.
Сярод прамысловых прадпрыемстваў добрых слоў заслугоўвае ТДА “Юлайн” г. Маладзечна ў Івянцы, якое запрацавала ў чэрвені мінулага года: яго ўдзельная вага ў аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі раёна складае 38 працэнтаў. Высокай адзнакі працы дасягнулі банкаўскія работнікі: кіраўнікі ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” Сяргей Паўлавіч Патапчук, прызначаны на пасаду ў снежні 2018 года, і ААТ “Белаграпрамбанк” Віктар Зянонавіч Падгайскі: летась ён быў выбраны дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.
Дынамічна развіваюцца прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, такія як ТАА “С-Тэнк” – дырэктар Андрэй Уладзіміравіч Ванагель, ПГВУП “Функе-Бел” – дырэктар Віктар Віктаравіч Макушкін, ТАА “Бітарэл” на чале з Антонам Канстанцінавічам Пятковым: сёлета гэта прадпрыемства заканчвае рэалізацыю інвестыцыйнага праекта “Рэканструкцыя з пашырэннем вытворчай базы па перапрацоўцы нафтапрадуктаў на тэрыторыі Валожынскага раёна”, а ўвогуле ўдзельная вага ў аб’ёме экспарту тавараў раёна гэтай арганізацыі складае 23 працэнты. Добра працуе ТАА “Белтрубаправодбуд” – арганізацыя недзяржаўнай формы ўласнасці, што аказвае экспарт паслуг, якой кіруе Юрый Вячаслававіч Фамін.
Высокіх прафесійных вынікаў у будаўнічай галіне дасягнуў машыніст асфальтаўкладчыка філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ-167” Віктар Лявонавіч Юроіць. Сярод абслугоўваючых арганізацый прыкладам у працы з’яўляюцца загадчыца склада РУП “Валожынскі жылкамунгас” Таццяна Міхайлаўна Вяршыцкая, вадзіцель філіяла “Аўтамабільны парк № 14” Іван Іванавіч Станкевіч, прадавец 6-га разраду магазіна № 87 в. Шчаўканы райспажыўтаварыства Рэгіна Іванаўна Карпіевіч.
Годна нясуць службу па захаванні грамадскага парадку і бяспекі на дарозе інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Дзяніс Валянцінавіч Барысевіч, па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый – начальнік ПАВП № 11 в. Падбярэззе РАНС Генадзій Іосіфавіч Пшанко. Заўсёды стаяць на варце аховы здароўя лепшыя медыцынскія работнікі: загадчыкі неўралагічнага аддзялення райбальніцы Мечыслаў Станіслававіч Шота, рэнтгенаўскага кабінета – Рыта Людвігаўна Кавалёва, Багданаўскай урачэбнай амбулаторыі – Аксана Алегаўна Ацесленка, Дорскага ФАПа – Наталля Міхайлаўна Лазянік. Лепшым работнікам у сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прызнана Таццяна Станіславаўна Рыснік.
Радуюць дасягненні ў сферы культуры дырэктара Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці Хрысціны Станіславаўны Лямбовіч, настаўніц Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў – па класе баяна і акардэона Кацярыны Уладзіміраўны Дварэцкай, сальфеджыа і харавых дысцыплін – Юліі Вітальеўны Скурко.
Высокае прафесійнае майстэрства паказала настаўнік гімназіі № 1 г. Валожына Галіна Васільеўна Лушнова, вучань якой удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў. Гімназістка Наталля Маслоўская атрымала званне “Вучань года Мінскай вобласці-2018”. У ліку пераможцаў устаноў адукацыі за мінулы год: калектывы Івянецкай СШ – дырэктар Юзэфа Іосіфаўна Кулак, Пугачоўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа – дырэктар Аксана Віктараўна Сафронава, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” і Ракаўскага яслей-сада “Сонейка” – загадчыкі Наталля Станіславаўна Казак і Тамара Дзмітрыеўна Картыннік.
Зборная каманда вучняў ДЮСШ, якіх трэніруе Дзмітрый Віктаравіч Пазднякоў, стала чэмпіёнам каманднага чэмпіянату рэспублікі па настольным тэнісе сярод жанчын. Вучань аддзялення лёгкай атлетыкі Надзея Каландарава – пераможца першынства Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы: яе рыхтаваў трэнер Аляксандр Станіслававіч Чарняўскі. Каманда юнакоў і дзяўчат фізкультурна-аздараўленчага цэнтра перамагла на рэспубліканскай спартакіядзе па стрытболе сярод дзяцей і падлеткаў – трэнеры Леанід Уладзіміравіч Хвядчэня і Іван Іванавіч Філістовіч. Л. У. Хвядчэня трэніруе і каманду юнакоў, што стала прызёрам першынства рэспублікі па баскетболе.
Кіраўнік раёна выказаў словы ўдзячнасці і шаноўным гасцям урачыстасці – ветэранам працы, якія заклалі слаўныя працоўныя традыцыі, шмат гадоў і сіл аддалі для развіцця раёна, а зараз перадаюць свае веды і вопыт маладому пакаленню.
Падводзячы вынікі 2018 года, М. А. Астрэйка адзначыў, што перад намі стаяць новыя задачы, сярод якіх – захаванне стабільнасці ў рабоце ў кожнай сферы. Ён падкрэсліў, што мы сваімі рукамі ствараем цяперашняе і закладваем будучыню.
За шматгадовую добрасумленную працу і ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна Ганаровай граматай райвыканкама былі ўзнагароджаны інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ “Валожынскі льнокамбінат” Тамара Аляксандраўна Карсакова і дырэктар ТАА “Бітарэл” Антон Канстанцінавіч Пяткоў. Падзякі старшыні райвыканкама аб’яўлены настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 райцэнтра Яне Сяргееўне Яроце, фельчару аддзялення хуткай дапамогі Валожынскай ЦРБ Дзянісу Сяргеевічу Будзілу, інспектару ДАІ РАУС Дзянісу Валянцінавічу Барысевічу.
Урачыстасць раённага свята разам з намі раздзялілі: старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Віктаравіч Ляўковіч, старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Аксёнавіч Лабушаў, прадстаўнікі гасцей-суседзяў з сталіцы, Мінскага, Маладзечанскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў. Са сцэны ўсе яны выказалі словы вітання і падзякі за працу перадавікам Валожыншчыны, падкрэсліўшы, што не бывае непатрэбных прафесій – з работы кожнага складаецца агульны дабрабыт. Госці выканалі і прыемную місію: у прыватнасці, Ганаровай граматай Мінаблвыканкама адзначаны аператар машыннага даення ААТ “Лоск” Іван Васільевіч Скапец, а падзяка губернатара Міншчыны аб’яўлена вядучаму інжынеру-электроніку ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Мікалаю Генадзьевічу Мілюткіну. Ганаровую грамату рэспубліканскага прафсаюза АПК атрымаў дырэктар ААТ “Багданаўскае” Вітольд Станіслававіч Буйноўскі, падзякі – брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ААТ “Агра-Дубінское” Ганна Уладзіміраўна Турэц і аператар машыннага даення КСУП “Пяршаі-2014” Святлана Віктараўна Швяцова.
…Надвор’е ў той суботні дзень выдалася цудоўным – яскрава-сонечным і крыху марозным, нібы дзякавала чалавеку за нястомныя працоўныя будні, адданасць справе, веды, настойлівасць і цярпенне. Плён працы валожынскіх прадпрыемстваў і арганізацый быў прадстаўлены на выставе-продажы прадукцыі ў фае кінатэатра “Юнацтва”, а таксама на пляцоўцы каля гарадскога сквера. Перад пачаткам мерапрыемства гучалі прыемныя гукі мелодый у выкананні ансамбля інструментальнай музыкі Ракаўскай ДШМ “ARS LONGA”. А святочны настрой на ўрачыстасці ўдала стваралі салісты раённага і Івянецкага Цэнтраў культуры, шчыра парадавала ўсіх і літаратурна-музычна-харэаграфічная кампазіцыя ў выкананні школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў. Таксама ўсім прысутным быў прадэманстраваны новы фільм пад назвай “Валожынскі раён”, у якім расказваецца пра багатую і цікавую гісторыю нашага краю, працавітых і таленавітых нашых землякоў. Усё гэта – любы куточак маленькай радзімы, дзе жывуць людзі, якія сваёй самаадданай працай здабываюць хлеб і да хлеба. Раённае свята падвяло рысу пад мінулым годам і перадало эстафету здзяйсненняў новаму, 2019 году. Будзем спадзявацца і ўсё рабіць дзеля таго, каб ён быў яшчэ больш плённым і прыбытковым!

