Пажары, звязаныя з выпальваннем сухой расліннасці, часта прыводзяць да цяжкіх наступстваў: пагражаюць жыццю, здароўю і маёмасці грамадзян. Прычынамі з'яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, халатнасць, хуліганства і наўмысны падпал расліннасці або смецця. З мэтай недапушчэння ўзнікнення пажараў з-за выпальванняў сухой травы і спальвання смецця, работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях штодня выязджаюць у сельскую мясцовасць, каб нагадаць жыхарам раёна элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Асноўнай задачай удзельнікаў рэйдаў з'яўляецца правядзенне гутарак з насельніцтвам аб неабходнасці захавання супрацьпажарных правілаў, асабліва ў пажаранебяспечны перыяд.
Улічваючы небяспеку такой з'явы, як агонь, і магчымасць яго хуткага распаўсюджвання на вялікія адлегласці пры парывах ветру, у чарговы раз нагадваем пра наступствы выпальвання сухой расліннасці, спальвання смецця і развядзення вогнішчаў. Пры моцным ветры полымя можа распаўсюджвацца з хуткасцю да 1 метра ў секунду, што пагражае знішчэннем жылля, пабудоў, а можа прывесці і да гібелі людзей. Як паказвае вопыт мінулых гадоў у большасці выпадкаў ад агню гінуць людзі сталага ўзросту, якія пры спальванні смецця на сваіх прысядзібных участках не разлічвалі свае сілы па кантролі за агнём. Літаральна за хвіліну, на першы погляд кантраляванае гарэнне можа ператварыцца ў пажар, у якім вы самі можаце сур'ёзна пацярпець.
Яшчэ раз нагадваем: выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забаронена. Перасцеражыце суседзяў і сваякоў ад выкарыстання агню для таго, каб пазбавіцца ад леташняй травы і смецця. Акрамя таго, варта ведаць і памятаць, што за парушэнне гэтай забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь санкцыяй артыкула 15.57. за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажнiўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь. На тэрыторыі баз адпачынку, дачнага кааператыва, садоўніцкага таварыства, прыдамавой тэрыторыі жылога дома дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для размяшчэння палаючага вугалю (мангала, барбекю, грылю і аналагічных) пры ўмове:
- прыняцця мер па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі;
- пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэння сродкамі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка і т.п.).
Пасля заканчэння прыгатавання ежы падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення;
- Размяшчэнне вогнішчаў на адлегласці не менш: 10 м ад будынкаў( збудаванняў), 20 м ад лясных масіваў, 30 м ад скiрд сена і саломы;
- размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы на адлегласці не менш за 4 м ад будынкаў (збудаванняў).

