Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!

18.03.2019

Традыцыйная агульнарэспубліканская акцыя “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”, прысвечаная Дню Канстытуцыі, у чарговы раз сабрала лепшых школьнікаў з усяго раёна на ўрачыстае мерапрыемства, дзе 22 чатырнаццацігадовыя жыхары Валожыншчыны – выдатнікі, спартсмены, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, актывісты грамадскага жыцця – атрымалі свае першыя пашпарты.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі ганаровыя госці: намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама І. У. Шакун, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч, начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі РАУС Т. Г. Цаюн, старшыня грамадскай арганізацыі “Белая Русь” А. І. Клачко, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Ю. Ф. Лагуціна.

На адкрыцці падзеі са святочнай прамовай і віншаваннямі выступіў Ігар Уладзіміравіч Шакун. Ён падкрэсліў важнасць і высокі статус галоўнага дакумента грамадзяніна, які выводзіць маладых людзей на новы ўзровень прававых зносін і адкрывае новыя магчымасці, шчыра падзякаваў хлопцам і дзяўчатам за іх поспехі і пажадаў дасягнення новых вышынь. Далей прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дакументаў. Таццяна Генадзьеўна Цаюн падарыла вучням памятныя альбомы “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Алена Іванаўна Клачко разам са словамі віншавання ўзнагародзіла падарункамі пярвічныя ячэйкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – падарункі атрымалі актывісты гарадскіх школ, Ракаўскай і Івянецкай адзінаццацігодак. Падзякай за выдатныя поспехі ў навучанні і ўдзел у творчых конкурсах была адзначана вучаніца гімназіі № 1 г. Валожына Карына Растаргуева, за спартыўныя дасягненні і ўдзел у спаборніцтвах высокіх узроўняў узнагародзілі вучняў сярэдняй школы № 2 г. Валожына Мікалая і Ягора Шчогалавых.

Дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая правяла цікавую відэалекцыю пра гісторыю ўтварэння пашпарту, якая цягнецца яшчэ з біблейскіх часоў. Прысутныя мелі магчымасць паглядзець фільм-экскурсію па знакамітых месцах Валожыншчыны. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел артысты раённага Цэнтра культуры і выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя выступілі з яркім нумарам: дэфіле ў строях іх асабістага спектакля “Мікітаў лапаць” у нацыянальным стылі.

P.S. У Дзень Канстытуцыі, 15 сакавіка, два школьнікі раёна ўдастоіліся ганаровага права – прадставіць Валожыншчыну на рэспубліканскім і абласным этапах акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”. У прыватнасці, Ілья Афонін з Дорскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа атрымаў свой першы дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на ўрачыстасці, якая прайшла ў сталіцы ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а Ульяна Смірнова з СШ № 2 райцэнтра – у Нясвіжы.