Пётр Пятровіч КАВЕРЗІН – начальнік участка кацельнай гаспадаркі, менавіта ён нясе персанальную адказнасць за бесперабойную падачу цяпла ў жыллёвы фонд, сацыяльныя і адміністрацыйныя будынкі. Пётр Пятровіч адносіцца да маладога пакалення камунальнікаў, яшчэ і дзесяці гадоў не адпрацаваў пасля заканчэння ВРН па інжынернай спецыяльнасці “цеплаэнергетыка”.
Зараз у раёне налічваюцца 38 кацельняў. Большасць з іх – сучасныя, энергазберагальныя. Дзень камунальнага работніка адзначаецца “пад занавес” ацяпляльнага сезона – самага адказнага выпрабавання для службы ЖКГ. Сёлета з падачай цяпла ўсё прайшло гладка: у санітарныя нормы ўлажыліся, у дамах, кватэрах было камфортна і ўтульна. Скаргаў ад насельніцтва ў адрас камунальнікаў не паступала. Не так даўно перад кіраўніцтвам РУП “Валожынскі жылкамунгас” была пастаўлена задача не толькі ачысціць ад завалаў, але і правесці ўлік усіх пахаванняў на могілках. На тэрыторыі раёна налічваецца 30 аб’ектаў апошняга прытулку чалавека. Зразумела, што заданне не простае, даручыць такое можна чалавеку стараннаму, уважліваму, адказнаму.
Найлепшым кандыдатам, які цалкам адпавядае пералічаным патрабаванням, аказалася Аксана Вячаславаўна СУБАЧ. Яна не навічок у справе навядзення парадку на зямлі, шмат гадоў адпрацавала на ўчастку добраўпарадкавання. Умее і людзей арганізаваць, і тэхнікай рацыянальна распарадзіцца.
Сярод тых, хто заслугоўвае ўшанавання з нагоды прафесіянальнага свята, імя А. В. Субач прагучала адным з першых.
Адзін з самых “маладых” і пры гэтым паспяховых аб’ектаў РУП “Валожынскі жылкамунгас” – станцыя абезжалезвання вады. Штодня лабаранты тут праводзяць доследы (а гэта не менш чым 13 аналізаў!) і правяраюць, ці адпавядае вада ў водаправодзе санітарным нарматывам. Акрамя гэтага, работнікі станцыі кантралююць усе іншыя крыніцы водазабеспячэння на тэрыторыі раёна: калодзежы, калонкі, свідравіны, крыніцы. Узначальвае гэты адказны ўчастак Вольга Іванаўна Шарко.
Лабарант Ганна ПАЛАВІНКІНА паказчыкамі аналізу задаволена.
Выкарыстанне другаснай сыравіны становіцца ўсё больш эканамічна абгрунтаваным. Зараз у зоне інтарэсаў вытворцаў знаходзяцца не толькі металалом і макулатура, але і ПЭТ-матэрыялы, шкло, складаная бытавая тэхніка і электралямпачкі пэўных відаў.
Валожынскія камунальнікі – адны з самых паспяховых у справе нарыхтоўкі другаснай сыравіны па вобласці. Гэта заслуга начальніка ўчастка ачысткі Людмілы Іосіфаўны ЖАЎТКО. Толькі за два месяцы гэтага года Л. І. Жаўтко і яе падначаленыя сабралі і ўпарадкавалі 43 тоны паперы, 58 тон шкла, 19 тон палімерных матэрыялаў, 5,2 тоны зношаных шын, 3,6 тоны электрапрыбораў.
Вадзіцель пагрузчыка Уладзімір Вячаслававіч ЛІННІК запатрабаваны на самых розных участках ЖКГ. Напярэдадні прафесіянальнага свята быў камандзіраваны на ачышчальныя збудаванні для пагрузачных работ, звязаных з пяском. Уладзіміра Лінніка тэхніка слухаецца безагаворачна, і майстэрства яму не займаць. Таму мужчына і карыстаецца павагай у кіраўніцтва прадпрыемства, калег. Заслужыў ён такія адносіны да сябе сумленнай, шматгадовай працай.
Ганаровая грамата Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі – адзнака высокая і ўручаецца нячаста. Сёлета яе атрымаў менавіта вадзіцель пагрузчыка РУП “Валожынскі жылкамунгас” У. В. Ліннік.

