Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Фізік са светапоглядам лірыка

02.04.2019

Ганна Каспераўна ЯНУШКЕВІЧ даўно лічыць сябе ракаўчанкай.

Адзін з буйнейшых населеных пунктаў Валожыншчыны стаў для яе сапраўднай радзімай.

Прыехала ж сюды з Маладзечанскага раёна. Вырасла ў шматдзетнай сям’і. У бацькоў зямлі ўласнай не было – арандавалі, асаблівага дастатку не мелі. Але ж і тата, і матуля цанілі адукацыю, верылі: толькі праз навуку дзеці змогуць наладзіць жыццё. Ганна сярэднюю адукацыю атрымала ў Радашковічах і адразу паступіла ў педагагічны інстытут. Вучоба давалася лёгка, была амаль на “ты” з каралевай навук – матэматыкай. На ўступных экзаменах у ВНУ ўразіла членаў камісіі рашэннем задачы па фізіцы. У выніку атрымала параду: аддаць перавагу менавіта гэтаму прадмету. Праз нейкі час фізіка захапіла настолькі, што выкладчыкі, прыгледзеўшыся да адоранай студэнткі, раілі перавесціся ў політэхнічны інстытут – бачылі ў дзяўчыне інжынера. Яна на поўным сур’ёзе разглядала прапанову. Здавалася б, усё было за перавод. Стрымлівала тое, што ў педагагічным студэнцтва доўжылася чатыры гады, а на набыццё інжынернай спецыяльнасці патрэбна было вучыцца на год болей. А ёй хацелася працаваць. Старэйшая з дзевяці дзяцей, яна адчувала адказнасць за ўсю сям’ю, марыла хутчэй пайсці на свой хлеб і, пры магчымасці, дапамагчы родным.

Пасля атрымання дыплома размеркавалася ў Ракаў. Школа ў той час была не тая, што зараз. Самі будынкі – старыя, няўтульныя. Толькі тады гэтаму ніхто не надаваў увагі. Высокапрафесійны калектыў лічыўся адным з самых моцных у раёне. Энергічная маладая спецыяліст з галавой акунулася ў выкладчыцкую дзейнасць і, паралельна з гэтым, – у грамадскую работу. Акрамя фізікі, вяла ўрокі матэматыкі, была намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні, выкладала ўстройства трактара, рыхтавала будучых кінааператараў, з перасоўнай электрастанцыяй ездзіла па школах раёна – знаёміла вучняў з прынцыпам яе дзеяння. Вучыцца самой і вучыць іншых – вось крэда Ганны Каспераўны і як чалавека, і як педагога. Яе талент, працавітасць і рэпутацыю сур’ёзнага чалавека высока ацэньвалі тагачасныя кіраўнікі, што азначала наяўнасць вялікай колькасці розных даручэнняў. Давялося пабываць дырэктарам школы працоўнай моладзі, кіраўніком метадычнага аб’яднання. Як класны кіраўнік ладзіла безліч мерапрыемстваў, вадзіла выхаванцаў у паходы, рыхтавала да ўдзелу ў алімпіядах (заўсёды вынікова!). Сярод яе вучняў безліч настаўнікаў, ваенных, інжынераў, медыкаў, навукоўцаў, сур’ёзных кіраўнікоў розных устаноў. Са многімі да гэтага дня захаваліся цёплыя сяброўскія адносіны.

Неаднаразова выбіралася дэпутатам мясцовага савета, народным засядацелем у раённы суд. Цікава было супрацоўнічаць з таварыствам “Веды” – у якасці лектара прымала ўдзел у асветніцкай рабоце. Вядомы на Валожыншчыне педагог не аднойчы атрымлівала граматы і падзякі, мае медалі “Ветэран працы”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, знак “Выдатнік асветы”, ордэн “Знак гонару”. Былых педагогаў не бывае… Нібыта пацвярджаючы гэту думку, яна кожны год купляе зборнік тэставых заданняў па фізіцы і не супакоіцца, пакуль не перарашае ўсе задачы. Напэўна, яе можна назваць ідэалісткай, але ж як добра, што сярод нас ёсць такія асобы – з моцным стрыжнем, з цвёрдымі маральнымі перакананнямі і бязмежнай верай у тое, што ў цэлым усе людзі добрыя, дзеці – таленавітыя, а свет – цудоўны.