Адзін з лепшых работнікаў сельгаспрадпрыемства Уладзімір Іосіфавіч ШКЕЛЬ за выдатную працу, прафесійнае майстэрства, высокія вытворчыя паказчыкі на сяўбе адзначаны лістом з падзякай абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовым падарункам. Узнагароджанне адбылося на полі, што бліз вёскі Раднікі. Цёплыя словы віншавання і самых лепшых пажаданняў хлебароб пачуў ад намесніка старшыні абкама Пятра Максімавіча Окунева, дырэктара ААТ “Суднікаўскі” Генрыха Генрыхавіча Палойкі, старшыні РК галіновага прафсаюза Віктара Станіслававіча Гідлеўскага.
Жыццёвы шлях Уладзіміра Іосіфавіча непарыўна звязаны з ААТ “Суднікаўскі”. З падлеткавага ўзросту ўраджэнец вёскі Хамічы шчыруе ў гаспадарцы. Сям’я Шкель на Валожыншчыне вядома яшчэ і тым, што цудоўнаму бацьку ў свой час на жніве ў якасці памочнікаў камбайнера дапамагалі абедзве яго дачкі. Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Г. Г. Палойка, менавіта на такіх працаўніках, як У. І. Шкель – адказных, сумленных, адданых сваёй справе, трымаецца аграпрамысловы комплекс.

