Акрамя членаў камісіі, якія прадстаўляюць раённыя службы, да ўдзелу былі запрошаны спецыялісты па кадрах арганізацый, дзе адчуваецца кадравы голад. Напрыклад, Вольга Анатольеўна Дацык прадстаўляла ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Яна патлумачыла: прадпрыемству патрабуюцца людзі на рабочыя спецыяльнасці, а таксама бухгалтар і інжынер. Кадравік СГУ “Бабровічы” УП “Мінскалбгаз” Аляксандра Аляксандраўна Стаянава гатова была запрасіць на працу аж 17 чалавек – жывёлаводаў, механізатараў, і спецыялістаў розных сельгасспецыяльнасцей. За рабочай сілай прыйшлі і з Валожынскага жылкамунгаса, КСУП “Сакаўшчына-агра”, ДРБУ № 167, Валожынскай ЦРБ, райспажыўтаварыства, вузла паштовай сувязі. Усяго ж апошнім часам у цэнтры занятасці налічваецца больш за дзве сотні вакансій.
Жадаючых заняць прапанаваныя працоўныя месцы ў гэты дзень прыйшло дванаццаць чалавек. Вырашылі пытанне працаўладкавання з дапамогай камісіі сямёра, адзін зарэгістраваўся як беспрацоўны. Некалькі візіцёраў з’явіліся з дакументамі, каб пацвердзіць занятасць у эканоміцы – мужчыны працуюць у Расійскай Федэрацыі. Электрыкам папоўніўся калектыў КСУП “Сакаўшчына-агра”, дарожным рабочым – ЖКГ, бухгалтарам – ДРБУ № 167. У Лоск накіравалі мужчыну, які пажадаў працаваць пастухом. Маладая жанчына набыла работу ў прыватным прадпрыемстве, што набірае людзей на ўборку вахтавым метадам. Яшчэ чатыром наведвальнікам аказана кансультацыйная дапамога, адзін, літаральна на заўтра, аформіўся ў якасці рамесніка – плануе займацца роспісам па дрэве.
Члены камісіі зацвердзілі пратакол на пацверджанне занятасці шасці грамадзян, якія прадаставілі адпаведныя дакументы. Была разгледжана сітуацыя з плацельшчыкамі, што не жадаюць працаўладкоўвацца, таму далі згоду на аплату за водазабеспячэнне з поўным пакрыццём затрат.

