Жыццё В. П. Паўлоўскай пачалося на Магілёўшчыне. Бацькі былі сялянамі, але досыць адукаванымі. Тата, паважаны чалавек, камуніст, займаў пасаду ў сельсавеце. Валя і яе сястра вучыліся ў школе. Пра тое, што хутка распачнецца вайна, дзяўчынкі разам з іншымі дзецьмі даведалася яшчэ да яе абвяшчэння. За іх вёскай было мноства хутароў. Большасць пуставалі – людзі перасяліліся ў вёску. Але дзве бабулі да іх не далучыліся. Яны не прызнавалі савецкую ўладу, таму жылі пустэльніцамі. Аднойчы дзіцячая кампанія падчас забаў досыць блізка наблізілася да адзінокай хаціны. Раптам пачулі нейкі гук – нібыта стрэл, толькі больш глухі, і па наваколлі распаўзлася нейкая белая субстанцыя – накшталт густога туману. З дому выйшлі бабулі, яны супакоілі дзяцей, сказалі, каб тыя беглі дадому. Раптам адна дадала: “Гэта знак вам. Хутка будзе вайна…”. Ішоў 1940-ы год. Праз пэўны час стала вядома: старыя хавалі нямецкіх дыверсантаў, а “туманам” тыя хацелі прагнаць дзяцей, каб яны не заўважылі чагосьці падазронага.
У 1941 годзе бацьку забралі ў армію. Ужо на фронце высветлілася, што мужчына моцна хворы. Яго камісавалі, але сям’я дадому кармільца не дачакалася. Ён атрымаў загад накіравацца на Урал, дзе належала ўзначаліць работу па нарыхтоўцы зерня і не дапусціць порчы стратэгічнага запасу хлеба для фронта. Калі родную вёску Валянціны занялі немцы, знайшліся людзі, якія моцна жадалі, каб прадстаўнікі “новага парадку” разабраліся з сям’ёй партыйца, пісаліся даносы. Але нічога не адбылося, іх не кранулі. Жанчына выдатна помніць, як спачатку адступалі нашы, пасля – немцы. Іх населены пункт фашысты з-за добрага геаграфічнага становішча абралі плацдармам для абароны. Людзей ганялі будаваць бункеры, бліндажы. Паўз вёскі праходзілі тры лініі акопаў. Далей – калючы дрот і замініраванае поле… Над вёскай быццам навіслі трывога і прадчуванне бяды. Жудасныя падзеі не заставілі сябе чакаць. У адзін з дзён паліцай конна аб’ехаў двары і папярэдзіў: “Вёска будзе спалена. На тое, каб сабрацца і пакінуць хаты – дзве гадзіны”. Што тут пачалося! Людзі, у асноўным жанчыны, дзеці і састарэлыя, з плачам хапалі рэчы, цягнулі на вяроўках жывёл, нейкі скарб спяшаліся закапаць. Расходзіліся хто куды, шукалі прытулку ў радні, чужых людзей, у лесе. Апошнія ўсе загінулі пад кулямётным агнём…
Сям’я гераіні аповеду прыстала да невялічкай групы, што накіроўвалася ў бок Шклова. Начавалі ў стозе. Тут іх і знайшлі немцы. Брудных, мокрых доўга вялі па дарогах. У Шклове раскідалі па дамах, назаўтра – на работу. Выдалі лапаты, шуфлі. Кожнаму намералі мятраж – капайце! Кармілі ячным хлебам, які нагадваў спрасаванае пілаванне. Праз пэўны час – зноў пераход. Пагналі ў Барысаў.
На ўсё жыццё запомнілася вялікае гумно з масай людзей – дарослых і дзяцей. У адным з вуглоў – хворыя на тыф. Здагадкі, што ўзнікалі ў людзей, – адна страшнейшая за іншую. Што здарылася са старымі і знясіленымі, Валянціна не ведае. Іх жа, маладых і здаровых, пасадзілі на кузавы машын і перавезлі ў лагер. Шэсць месяцаў працавалі ў лесе. Мужчыны спілоўвалі дрэвы, жанчыны і дзеці абсякалі голле. У адзін з дзён іх павезлі на станцыю. Далей была Германія. Лагер, куды трапілі вязні з Беларусі, размяшчаўся ў горадзе Рагенсбург (Баварыя). Вакол – калючы дрот, ахоўнікі. Жылі ў бараках. Працаваць ганялі на ваенны ліцейны завод. Побач – французы, італьянцы. Сапраўдны інтэрнацыянал. Сказаць, што было цяжка, – не сказаць нічога. Тых, хто не падпарадкоўваўся, асабліва хлопцаў, білі…
У 1944 годзе ў горад увайшло адно са злучэнняў французскай арміі. Нямецкія ваенныя аддалі горад без баёў – проста хутка пакінулі яго. Вязні, атрымаўшы свабоду, разгубіліся. Але пра іх паклапаціліся збавіцелі. У горадзе Фрыдрыхштадт размясціўся часовы лагер для славян – былых вязняў. Ахоўнікі, відаць, з’яўляліся амерыканцамі, многія мелі цёмны колер скуры. Людзі сядзелі без работы, але паступова жыццё ў лагеры наладзілася. Кожнаму падбіралі занятак па спецыяльнасці. Урачы лячылі людзей, настаўнікі арганізавалі школу… Рускія, украінцы, беларусы, палякі, балгары не заўважалі моўнага бар’еру, нават усе разам спявалі гімн СССР. З Германіі беларусаў перавезлі ў Калінінград, і толькі восенню 1945 года Валянціна з матуляй і сястрой вярнуліся на радзіму. Дома – папялішча. Бацька прыехаў значна пазней. Жылі ў суседзяў, спачатку пабудавалі зямлянку, пасля хтосьці аддаў ім старую лазню. Самі разабралі, перавезлі. Так і перазімавалі. Людзі ў той час дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся апошнім. Талакой будавалі дамы. Вясной разам апрацоўвалі зямлю. Жанчыны, дзеці па 10-12 чалавек упрагаліся ў плуг…
Толькі праз год дзяўчына пайшла ў школу. Ёй было ўжо 14 гадоў. Вучыцца хацелася, тым больш, што здольнасці мела добрыя. “Я, будучы падлеткам, паспела так напрацавацца, што марыла абавязкова атрымаць інтэлігентную спецыяльнасць. Каб не натруджваць рукі, спіну. У газетах пісалі, што краіне патрэбны ўрачы, а ў мяне на выдатна ішлі хімія, біялогія. Ды і настаўнікі бачылі мяне медыкам”, – успамінае В. П. Паўлоўская.
Школу яна скончыла з залатым медалём. Паступіла ў Мінскі медінстытут. Гады вучобы ўспамінае з цяплом. На дварэ стаялі 50-я гады – лепшы час у яе жыцці. Па ўсіх дысцыплінах паспявала, стыпендыі хапала на жыццё, тэатры, танцы. Атрымаўшы дыплом, працавала тэрапеўтам на Магілёўшчыне, пасля ў Мсціславе, дзе займела кваліфікацыю акушэра-гінеколага. Парадзіх шмат, а ўрач адзін – цяжка… У той час жанчыны на ўлік не ставіліся, даследаванні не праводзіліся. Часта роды праходзілі са складанасцямі. Але гэта быў каштоўны вопыт.
Маладая жанчына выйшла замуж. Муж Міхаіл Мікалаевіч працаваў у райкаме партыі. У пары нарадзіліся два хлопчыкі. Пазней сям’я пераехала ў Ракаў. Тут Валянціна Паўлоўская працавала ўрачом-інфекцыяністам, затым – намеснікам галоўнага ўрача, а пасля – загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення. На пенсію паважаная жанчына, якая выратавала не адно чалавечае жыццё, пайшла ў 73 гады!
Сама Валянціна Пракопаўна лічыць, што цяжкасці, перанесеныя ў дзіцячым і падлеткавым узросце, загартавалі яе волю. Ёй заўсёды здавалася, што страшней за тое, што давялося перажыць у 40-я гады, нічога быць не можа. “Калі над галавой мірнае неба, родныя і сябры побач, ёсць любімы занятак, – хіба ж гэта не шчасце?” – разважае былы малалетні вязень. Вайна ўкрала яе дзяцінства, падарвала здароўе, таму жанчына ўпэўнена: дапусціць яе паўтор – злачынства. Усё жыццё яна марыла пра тое, каб назаўсёды з планеты знікла зброя, а людзі нарэшце прыйшлі да згоды і шчыра, па-хрысціянску, любілі адзін аднаго.

