Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Баявая бабуля – ардэнаносец

11.05.2019

Ніну Антонаўну ТУР з вёскі Бакшты мясцовыя жыхары па праве называюць баявой бабуляй. І не дзіва.

Удзельніца працоўнага фронту мае высокія ваенныя ўзнагароды – ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За Перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”. Да таго ж у яе скарбонцы мноства юбілейных медалёў, што атрымлівала на працягу 74 гадоў.

Стан здароўя 93-гадовай жанчыны не дазваляе падрабязна расказаць пра ўсе перыпетыі, што выпалі ёй падчас ваеннага ліхалецця. Сцерліся з памяці даты, прозвішчы, назвы населеных пунктаў, аднак асноўныя падзеі і ўражанні ад іх Ніна Антонаўна і сёння перадае добра.

Яе сям’я жыла ў вёсцы Ядзейкі. Калі пачалася вайна, у армію забралі трох яе братоў. Пасля атрымання пахаванкі на аднаго з іх, дзяўчына вырашыла ўнесці ўласны ўклад у барацьбу з ворагам. Старэйшы сваяк – бацькаў швагер – растлумачыў дзяўчыне, як гэта можна зрабіць. Напорысты характар дазволіў ёй дабіцца свайго. “Я ж добра шыла, працавітая была, рукі мела залатыя, тыму мяне і ўзялі”, – успамінае Ніна Антонаўна, як пераконвала прадстаўніка ваенкамата.

Разам з шаснаццаццю зямлячкамі атрымала накіраванне ў ваенны перасоўны шпіталь, які суправаджаў савецкія войскі праз усю Прыбалтыку, Германію. Дзяўчаты былі і санітаркамі, і швачкамі, і прыбіральшчыцамі. Сапраўдным выпрабаваннем лічыўся догляд за цяжкараненымі. Ніна ж нічога не баялася, хоць і не магла спаць начамі пасля таго, як даводзілася закрываць вочы памерлым юнакам. “Ой, каб вы ведалі, як яны хацелі жыць, як прасіліся, каб мы паабяцалі, што ўсё будзе добра. Я часта трымала кагосьці з іх за руку і плакала, бо разумела: не выжыве”. Іх звалі сястрычкамі. Колькі бруднай, скрываўленай бялізны перамылі яе юныя рукі, колькі перанеслі насілак. Даводзілася чысціць баракі, секчы дровы, суткамі дзяжурыць у палатах, калі пасля баёў ці бамбёжак ішоў бясконцы паток параненых.

У канцы вайны Ніна магла вярнуцца на радзіму, але прынцыпова вырашыла выконваць свае абавязкі да самай перамогі. Іх часць пераправілі на Далёкі Усход. Добра памятае, як на поездзе везлі ў Хабараўскі край людзей, танкі, іншую тэхніку. І зараз ёй сняцца бамбёжкі, крыкі, гвалт і шэпт паміраючых: “Сястрычка, вады!”.

У шпіталі лячылі не толькі нашых салдат, але і параненых японцаў. Беларускія жанчыны і іх шкадавалі. Ніна Антонаўна расказвае: “Япончыкі былі выхаваныя, з удзячнасцю ставіліся да савецкіх медыкаў. Мы стараліся іх добра даглядаць. Разумелі: ці ж гэтыя хлапцы вінаватыя?” На прыгожую дзяўчыну звярталі ўвагу, толькі ёй было не да спатканняў. Тым больш сяброўкі здзівіліся, калі Ніна згадзілася пазіраваць аднаму з японскіх палонных, калі той прапанаваў намаляваць яе партрэт. Мастак, відаць, быў па-сапраўднаму таленавітым і, магчыма, меў да дзяўчыны не толькі сяброўскія пачуцці. З трошкі пабляклага ліста, устаўленага ў рамку, вось ужо 74 гады глядзіць

прыгожы малады твар з добрымі вачамі. Такой убачыў яе невядомы аўтар. Як адзначаюць сваякі, Ніна Антонаўны заўсёды вызначалася моцным характарам (а як бы інакш яна прайшла дарогамі вайны?), і сентыментальнасць ёй не была ўласціва. Але ж гэты малюнак яна зберагла…

Пасля перамогі дзяўчына вярнулася ў родную вёску, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей і ўсё жыццё працавала ў калгасе паляводам. Была частым госцем у школе, выступала на мітынгах. Н. А. Тур заўсёды расказвала пра ваенныя падзеі праўду, ніколі не надавала сваім аповедам рамантычнай афарбоўкі. “Вайна – страшная справа, дзеткі, не дай Бог перажыць такое нікому, – пажылая жанчына выцірае слёзы, а затым усміхаецца: – Дзякуй, што прыехалі, даведаліся. Хутка Дзень Перамогі, павіншуйце ўсіх ад мяне, скажыце, што жадаю старым, маладым міру, шчасця і здароўя”.