У 1922 годзе палякамі на нямецкія грошы могілкі прыведзены ў парадак і трапляюць у рэестр пад нумарам 361. І гэта адзіныя ваенныя могілкі часоў Першай сусветнай у Беларусі, якія маюць такое дакументальнае
пацвярджэнне. Магчыма таму, што з’яўляюцца самымі вялікімі – больш за 800 магіл. Цікава, што тут пахаваны нехта Бяртольд Шварц. Яго поўны цёзка, нямецкі манах-францысканец, жыў у XIV стагоддзі і лічыцца еўрапейскім вынаходнікам пораху…
Напрыканцы 1919 года на Нямеччыне ствараецца новая грамадская арганізацыя – Народны саюз Германіі, мэта якой – клопат пра магілы паўшых воінаў. З 1954 года ўрад ФРГ падтрымаў ініцыятыву арганізацыі ў пошуках ваенных могілак за мяжой. Пачынаючы з 1990 года, полем дзейнасці Народнага саюза сталі і краіны Усходняй Еўропы, дзе пад час Другой сусветнай вайны загінулі каля 3-х мільёнаў нямецкіх ваеннаслужачых – гэта ўдвая больш, чым на Заходніх франтах.
Народны саюз арганізуе паездкі, маладзёжныя лагеры, заахвочвае людзей рознага ўзросту даглядаць салдацкія могілкі пад лозунгам “Прымірэнне над магіламі – работа ў імя міру”. Зараз арганізацыя налічвае больш за 400000 актыўных членаў і на 75 працэнтаў спансіруецца за кошт узносаў, ахвяраванняў, спадчынных даходаў і завяшчанняў, а таксама ад дабрачынных збораў, якія адзін раз у год паступаюць ад простых немцаў. Рэшту расходаў бярэ на сябе федэральны бюджэт.
Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ і фонду Міру члены гуманітарнай арганізацыі Народнага саюза працавалі ў Маскве, Рызе, Румыніі і іншых мясцінах, а сёлета завіталі на Валожыншчыну, дзе цэлы тыдзень прыводзілі ў парадак ваенныя могілкі каля Дзясятнікаў. У групе – шэсць хлопцаў з нямецкага горада Расток і дзевяць навучэнцаў Брэсцкага політэхнічнага каледжа.
Дарэчы, апошняе капітальнае аднаўленне гэтага пахавання адбывалася 20 гадоў назад. Аб’яднаная група дабравольцаў працавала ад цямна да цямна: рамантавалі агароджу, ачышчалі ад моху надмагільныя пліты, пакрывалі сцены ратонды спецыяльнымі хімікатамі, якія засцерагаюць кладку ад разбурэння. Асабліва давялося “папацець” пры рэстаўрацыі галоўнага сімвала – арла. Шматтонны гігант стагадовага ўзросту значна здаў за апошні час: з’явіліся трэшчыны, куды трапляла дажджавая вада і “тачыла” камень. Як запэўніў куратар праекта Хольгер Хагэман, пасля аднаўленчых работ арол значна акрэп і гатоў з ранейшай пільнасцю ахоўваць пакой тых, хто навек застаўся на чужыне.
Пра міжнародны працоўны дэсант прасілі напісаць у нашай газеце жыхары Дзясятнікаў, Багданава. А яшчэ людзі выказвалі надзею, што некалі і ў нас з’явяцца дабрачынныя арганізацыі па доглядзе за брацкімі магіламі савецкіх воінаў-вызваліцеляў за мяжой.
…Пакідаючы Валожыншчыну, валанцёры шчыра дзякавалі гаспадарам аграсядзібы “Бацяны” Таццяне і Уладзіміру за прытулак. Шматлікая, рознаўзроставая і разнамоўная група пражывала з камфортам, са снеданнем, абедам і вячэрай замінак не адбывалася. А сельская цішыня і маляўнічая прырода спрыялі добраму адпачынку пасля цяжкай працы.

