Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Налібоцкі край – турыстычны рай

23.05.2019

З надыходам вясенне-летняга перыяду прыкметна актывізаваўся турыстычны рух. Адчулі гэта і гаспадары аграсядзібы “Налібоцкія васількі” Васіль і Марыя Шакуны. Ужо напрыканцы красавіка зачасцілі да іх госці, у тым ліку і замежныя.

Распачалі сезон падарожнікі-палякі. Не першы раз прыязджаюць яны на джыпах на Валожыншчыну, любуюцца прыродай, вывучаюць гісторыю. І абавязкова бываюць у Белакорцы, дзе частуюцца аўтэнтычнымі стравамі, прыгатаванымі пані Марыяй, гутараць з цудоўным субяседнікам і эрудытам панам Васілём. Цэлы тыдзень група польскіх аўтааматараў на чале з Пятром Карвэцкім адпачывала ў “Налібоцкіх васільках”.

Потым турыстычную эстафету перанялі госці з-за акіяну, са Злучаных Штатаў Амерыкі. З якой цікавасцю акуналіся яны ў экзатычную для сябе атмасферу сялянскага ўкладу! Завіталі на некалькі дзён і больш блізкія суседзі – літоўцы. Сярод іх быў нашчадак Бенядзікта Тышкевіча, на памяць пра візіт ён падарыў гаспадарам аграсядзібы рарытэтную рэч – фірменны званочак, якім калісьці карысталіся ў доме валожынскага графа.

Не абмінулі ўтульную аграсядзібу Шакуноў расіяне, французы.

Прадстаўнікі кожнай краіны далі высокую ацэнку ўзроўню сэрвісу, што прадаставілі ім на валожынскай зямлі.

Самай шматлікай дэлегацыяй аказалася група з Латвіі – амаль 30 чалавек. У “Налібоцкія васількі” яны завіталі, папярэдне наведаўшы аграсядзібу “Свет пчол”. Там ім вельмі спадабалася. Але і Белакорац парадаваў новымі ўражаннямі. Марыя Пятроўна правяла майстар-клас па прыгатаванні традыцыйных беларускіх страў, тэарэтычны курс пра любімыя напіткі нашай мясцовасці прачытаў Васіль Уладзіміравіч. Выключна запамінальным момантам аказалася інтэрактыўная праграма фальклорнага калектыву “Крона” з Ракава. Госці вучыліся танцаваць “Кадрыль”, “Кракавяк”, “Лысага”, “Рэчаньку”, любаваліся нацыянальнымі строямі, слухалі народныя песні і расказы Лізаветы Пятроўскай пра культурную спадчыну Валожыншчыны. Ёсць усе падставы меркаваць, што дома яны раскажуць сябрам, знаёмым пра Беларусь і некага абавязкова заахвоцяць прыехаць сюды…