Хвалюючых валожынцаў пытанняў да парламентарыя не было. І, як зазначыў М. В. Радаман, гэта акалічнасць сведчыць пра тое, што ўлада ведае, чым жывуць у раёне людзі, якія праблемы існуюць, і стараецца адносіцца да патрэб насельніцтва па-дзяржаўнаму. Нямала болевых кропкаў давялося вырашыць прадстаўніку народа з моманту абрання ў Савет Рэспублікі. Як кіраўнік адной з самых буйных і перадавых гаспадарак у рэспубліцы – СВК “Агракамбінат “Сноў” – і як чалавек ад зямлі, ён душой хварэе за сваіх падначаленых, простых вяскоўцаў, жыве іх клопатамі і турботамі.
“Безумоўна ж, прыёмы грамадзян патрэбна праводзіць, – разважае Мікалай Вячаслававіч. – Але ў штодзённай рабоце вельмі важнай з’яўляецца сувязь простага чалавека з уладай, каб чыноўнік у далейшым змог данесці просьбы людзей да кіраўніцтва краіны. Не так даўно я ініцыіраваў перад міністрам працы і сацыяльнай абароны, федэрацыяй прафсаюзаў і беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу пытанне атрымання датэрміновай пенсіі за шкодныя ўмовы работы: да гэтай катэгорыі адносяцца даяркі, цялятніцы і асабліва трактарысты. У 2009 годзе былі ўнесены змены ў пастанову аб выхадзе на пенсію па льгоце, згодна з якімі, напрыклад, трактарысту, што ўсё жыццё аддаў энерганасычанай тэхніцы, у 58 гадоў ужо нельга працаваць на гэтай рабоце. Аднак ільготная пенсія ў яго будзе складаць усяго 80 рублёў. Тры гадзіны мы абмяркоўвалі, як павярнуцца тварам да таго, хто потам здабывае надзённы хлеб і корміць краіну. Цяпер рыхтуецца адпаведны пакет дакументаў, які ў далейшым павінен легчы на стол Прэзідэнта. Важна зразумець, што такая катэгорыя работнікаў заўсёды запатрабавана, тым больш, што ў аграрнай галіне існуе пастаянны недахоп спецыялістаў. Тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, трэба падтрымліваць і стымуляваць, каб чалавек адчуваў клопат пра сябе”.

