Зараз Уладзіслаў Кулак вучыцца ў 5 “В” класе роднай СШ № 1 і па-ранейшаму вызначаецца стараннем на ўроках, жывасцю на перапынках і жаданнем вырасці дужым, смелым. Надзею на гэта яму даюць заняткі па дзюдо і самба ў трэнера Вадзіма Аляксандравіча Калашнікава.
Бацькі хлопчыка, Марына Яўгенаўна і Яўген Яўгенавіч, – людзі маладыя, прагрэсіўныя, яны – за здаровы лад жыцця, паважаюць спорт і шмат сіл аддаюць гарманічнаму выхаванню дзяцей. Малодшы, двухгадовы Арцём ахвотна пераймае ў старэйшага брата сілавыя прыёмы і іншыя байцоўскія навыкі. Так што па вечарах у сям’і сумна не бывае. Дарэчы, Уладзіслаў вельмі любіць браціка, ахвотна з ім бавіць час, апякае ад розных непрыемнасцей, выконвае шматлікія хатнія абавязкі. Карацей, расце сапраўдным маміным памочнікам.
Нягледзячы на тое, што старэйшага сына настаўнікі заўсёды хвалілі, навіна пра перамогу сына ў конкурсе “Вучань года” стала для Марыны і Яўгена прыемным сюрпрызам. Яны расцэньваюць гэта як першую прыступку на лесвіцы будучых дасягненняў. Іх адлік ідзе досыць стабільна. Так, у 2016-м Уладзік заваяваў толькі адзін медаль вышэйшай пробы, а ўжо на наступны год папоўніў асабістую скарбонку ўзнагарод дзвюма залатымі ўзнагародамі. Наступны год прынёс новыя перамогі ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву “БелАЗ” горада Жодзіна. Сёлета Уладзіслаў удзельнічаў у раённых і абласных спаборніцтвах юных дзюдаістаў і самбістаў, дзе заняў трэція прыступкі п’едэстала. Але такі вынік не вельмі радуе хлопчыка. Ён амбіцыйны чалавек і на кожны сумленны спартыўны бой ідзе толькі з жаданнем перамагчы.

