Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Спрытныя, дужыя і па-сапраўднаму дружныя!

31.05.2019

Каб заахвоціць калектывы прадпрыемстваў і арганізацый актыўней падключацца да фізкультурнага руху, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прапанаваў правесці акцыю “Здаровы Валожын – здаровы горад”. Гэту ініцыятыву першымі падтрымалі камунальнікі.

25 мая ў будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу сабраліся сем каманд з РУП “Валожынскі жылкамунгас”. На набыццё адпаведнай экіпіроўкі, прызоў і арэнду спартыўнай залы сродкі выдзелілі

адміністрацыя і прафкам. Прывітаць “піянераў” спартакіяды прыйшла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская.

Ахвяраваць суботай і паказаць свае спрыт, сілу, хуткасць і меткасць пагадзіліся 35 чалавек. Абмежаваннямі не сталі ні ўзрост, ні фізічная падрыхтоўка, ні службовая пасада. Самыя нерашучыя пабывалі ў той дзень у якасці балельшчыкаў, а станоўчых эмоцый хапіла ўсім.

Трэба было бачыць, які спартыўны азарт авалодаў камунальнікамі! Нават такая простая рэч, як скакалка, не выклікала кпінаў: і мужчыны, і жанчыны старанна разміналіся ў імкненні ўразіць калег уменнем з ёй упраўляцца. Так, Святлана Белановіч за 30 секунд зрабіла 82 скачкі, трохі меншы вынік паказаў Аляксандр Шакаль з Івянца. Суддзі рашылі, што менавіта прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва абароніць гонар Валожыншчыны ў гэтым відзе спорту на рэспубліканскіх спаборніцтвах камунальнікаў.

Найбольш трапную каманду баскетбалістаў падабраў участак водаканала. Адзінаццаць разоў мяч з іх падачы пакараў баскетбольнае кальцо. Начальнік участка ЖЭУ Леанід Фёдаравіч Чэрнік аказаўся самым узроставым удзельнікам, але роўным яму па скачках з месца не было і сярод маладых. Асабісты рэкорд Л. Ф. Чэрніка зафіксаваны на адзнацы 2 метры 35 сантыметраў. Першае месца па стральбе суддзі безагаворачна аддалі Святлане Брадзіхінай, якая набрала больш за 30 ачкоў з пяці выстралаў.

Да фінальнай эстафеты спартсмены-аматары прыйшлі хоць і стомленымі, але моцнымі духам. Кожная каманда да апошняга моманту верыла ў сваю ўдачу. У яраснай барацьбе перамогу “вырвала” каманда адміністрацыі на чале з дырэктарам Міхаілам Унучакам. Другое месца дасталася прадстаўнікам Івянецкага ўчастка, трэцюю прыступку адваяваў аддзел аўтатранспарту.

Мерапрыемства скончылася раздачай прызоў – абанементамі на наведванне басейна. Агульнай жа ўзнагародай можна лічыць саму спартакіяду, дзе панаваў добры настрой, гучалі жарты і вясёлы смех, дзе можна было адчуць падтрымку сяброўскага пляча.