Маладых людзей і дзяцей з інваліднасцю, іх бацькоў, супрацоўнікаў дзённага аддзялення для інвалідаў ТЦСАН вітала кіраўнік раённай структуры “БелАДДіМІ” Ларыса Шчарбачэвіч. Яна павіншавала гасцей з юбілеем арганізацыі і падзякавала гаспадыні аграсядзібы за цёплы прыём. Як і ў мінулыя разы, Ларыса Мытнік прадаставіла пляцоўку для правядзення святочнага мерапрыемства на дабрачыннай аснове, частавала гасцей фірменнымі прысмакамі, прыгатавала смачны абед. Не абышлося і без падарункаў. Кожнаму ўдзельніку быў уручаны прадуктовы набор ад спонсараў.
Культарганізатар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Стасяловіч падрыхтавала і правяла гульнёвую праграму-квэст “У пошуку скарбаў”. Прызы для яе закуплены ТЦСАН, створаны рукамі выхаванцаў аддзялення пад кіраўніцтвам Вольгі Вяршыцкай. Педагогі дадатковай адукацыі ЦТДіМ Святлана Кеўра і Ірына Жабко правялі майстар-класы па аквагрыме. У забаўляльнай праграме прынялі ўдзел валанцёры – студэнты-практыканты вучэбнай геаграфічнай станцыі БДУ “Заходняя Бярэзіна”.
Інклюзіўнае мерапрыемства падарыла ўдзельнікам мноства станоўчых эмоцый, адпачынак на свежым паветры і радасць ад сумеснай дзейнасці.

