Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Папоўнілі калектыў медыкаў

26.08.2019

Гэтыя прыгожыя людзі – даўнія сябры. Вольга МАРАЧ і Максім ЧОРНЫ вучыліся ў гімназіі № 1 г. Валожына, затым тэрытарыяльна разышліся, але ў пэўным сэнсе зблізіліся яшчэ больш – паступілі ў медыцынскія ўніверсітэты, яна – у мінскі, ён – у віцебскі. Зараз у якасці маладых спецыялістаў удасканальваюцца ў прафесіі ў адным калектыве. Цэнтральная раённая бальніца стала іх першым працоўным месцам. Менавіта ў яе аддзяленнях урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Вольга Уладзіміраўна і ўрач хуткай дапамогі Максім Аляксандравіч будуць набываць вопыт.

Цікава, што ў сем’ях юнака і дзяўчыны медыкаў няма. Рашэнне далучыцца да складанай і разам з тым паважанай прафесіі выспела пад уздзеяннем аўтарытэту і глыбокіх ведаў настаўнікаў біялогіі і хіміі Наталлі Кандэр і Наталлі Пракопчык. Размнажэнне клетак, сінтэз бялку, асновы генетыкі, складаная, але такая цікавая табліца Мендзялеева… Усё гэта захапляла і вабіла паглыбіцца яшчэ больш у неверагодна захапляючы свет навук пра жыццё і тое, з чаго створаны кожны складальнік наваколля. Здавалася б, можна было вывучыцца на біёлагаў ці хімікаў, але класе ў дзявятым абое адчулі, што хочацца займацца чымсьці прыкладным, працаваць з людзьмі, дапамагаць ім. Тым больш, што з дактарамі сутыкацца даводзілася – хто з нас ці нашых родных не хварэе? Бальнічнае асяроддзе, калі наведвалі падобныя ўстановы, не адштурхнула ад мары, наадварот, строгі, упарадкаваны уклад адпавядаў іх характарам і памкненням.

І Вольга, і Максім – людзі ўдумлівыя, умеюць кантраляваць эмоцыі, цярплівыя і мэтанакіраваныя. Канешне, вучоба ў адной з самых складаных ВНУ адразу падалася цяжкай. “Першы курс – проста “жэсць”, сапраўдны час выпрабаванняў”, – сцвярджаюць яны. Ці быў адчай? Ці хацелася ўсё кінуць і падацца туды, дзе лягчэй? “Зразумела, такое жаданне ўзнікала, і не аднойчы”, – амаль у адзін голас з долей самаіроніі пацвердзілі цяпер ужо дыпламаваныя спецыялісты. Але так імкнуліся дабіцца пастаўленай мэты, што пераадолелі сумленні і страхі. Успамінаюць, што толькі на трэцім курсе прыйшло ўсведамленне: выбар зроблены правільна, мяняць нічога не трэба. Калі сетку заняткаў амаль поўнасцю запоўнілі спецыяльныя дысцыпліны, вучыцца стала па-сапраўднаму цікава.

Баявое хрышчэнне ўспамінаюць са смехам. Першыя роды, на якіх давялося прысутнічаць (уражанні тады зашкальвалі) і першы ўнутрымышачны ўкол, што зрабілі самастойна (рукі трэсліся, але ж укалолі!). Пасля былі і больш цяжкія выпадкі, ды і зараз штодня даводзіцца мабілізоўваць сілы і набытыя за доўгія гады вучобы веды, каб не разгубіцца, зрабіць усё правільна.

У іх адныя з самых складаных медыцынскіх спецыяльнасцей. Анестэзія – заўсёды рызыка, хоць разлік наркозу і робіцца па спецыяльных формулах, рэанімацыя – гэта ўвогуле пытанні жыцця і смерці. А той, хто імчыць на машыне хуткай дапамогі, ніколі не можа прадбачыць дакладна, што яго чакае там – на месцы дарожнага здарэння, пажару ці побач з чалавекам, з якім здарыўся інфаркт…

Поспеху вам, маладыя валожынскія медыкі! Няхай ваша асабістая ўдача стане ўдачай для кожнага, каму, згодна з прынесенай урачэбнай клятвай, давядзецца аказваць медыцынскую дапамогу.