Мерапрыемства прайшло у сядзібе Пятра Дарагунцава, колішняга ўладара Івянца. Майстры стваралi збаны і збаночкі, глечыкі, свістулькі і нават цэлыя кампазіцыі. Свята адкрыў старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута. Кіраўніцтва Валожынскага раёна, якое, разумеючы каштоўнасць і ўнікальнасць гэтага віду мастацтва, робіць усё магчымае для таго, каб цікавасць да конкурсу не гасла. Сёлета на «Гліняны звон» прыехала больш за паўсотні ганчароў з усёй Міншчыны. Па колькасці ўдзельнікаў гэта адно з самых маштабных святаў у сваёй гісторыі. Побач з вопытнымі майстрамі ўдзельнічалі ў конкурсе пачынаючыя зусім юныя ганчары , што на думку члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, былога дырэктара Івянецкага музея традыцыйнай культуры Алега Раманоўскага дае надзею спадзявацца, што не звядуцца таленты на нашай зямлі.
Тры гадзіны мелі канкурсанты на стварэнне шэдэўра. За іх працай сачылі журы і госці свята, якіх у час адкрыцця мерапрыемства павітаў загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Адамовіч.
За зберажэнне і творчае развіццё мастацкіх традыцый ганчарства ўзнагароду атрымалі выхаванцы студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбніца» з Салігорскага раёна, у намінацыі «Лепшы настаўнік» перамагла Таццяна Раманчук з Лагойскага раёна, лепшым сямейным калектывам прызнана сям’я Скрыпкаў з Валожынскага раёна.

