Галоўнымі арганізатарамі фестывалю выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Ракаўскі сельвыканкам, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, падтрымала свята і Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Беларусі.
Паколькі мястэчка знаходзіцца недалёка ад сталіцы, не дзіва, што інтарэс да маштабнай культурнай праграмы праявілі мінчане, а таксама шматлікія госці з іншых гарадоў. Захапіцца ж сапраўды было чым. На працягу дня маленькіх і дарослых наведвальнікаў чакалі забавы, кірмашы-выставы рамесніцкай прадукцыі. Не абміналі госці Ракава і пункты продажу вулічнай ежы: апетыт на свежым паветры разгульваўся не на жарт. Карысталіся папулярнасцю і разнастайныя выставы, прэзентацыі, дэгустацыі. На літаратурным падворку, што размясціўся на тэрыторыі мясцовай школы мастацтваў, удзельнікі фэсту чыталі вершы беларускіх паэтаў, а ў самой школе працавала выстава, прысвечаная жыццю і творчасці знакамітага земляка-мастака Фердынанда Рушчыца. Прадаўжальнікі яго справы не замарудзілі і зладзілі ў рамках фестывалю мастацкі пленэр. Шмат жадаючых скарысталіся магчымасцю прайсціся знакамітымі сцежкамі кантрабандыстаў у аднайменным квэсце, а разам з гэтым і пазнаёміліся са старажытным Ракавам і яго шыкоўнымі адметнасцямі.
Вядома ж, не пакінулі нікога з «халодным сэрцам» выступленні калектываў і артыстаў. Вялізны натоўп каля галоўнай сцэны з задавальненнем слухаў адмысловы біт віртуозных барабаншчыкаў, захапляўся народнымі беларускімі спевамі, яўрэйскай і літоўскай песеннай і танцавальнай творчасцю. Вядучая і ідэйная натхняльніца «Ракаўскага фэсту» ракаўчанка Юлія Мякінка зрабіла мноства прыемных сюрпрызаў землякам, запрасіўшы, да прыкладу, выступіць на канцэрце маленькую зорачку эстрады Марыю Ермакову, якая ўдзельнічае ў адборы на конкурс песні «Дзіцячае Еўрабачанне-2019», што сёлета пройдзе ў польскім горадзе Глівіце. Або напрыканцы свята аддаўшы сцэну хэдлайнерам – гуртам “Лявон Вольскі” (Беларусь) і “Tekla Klebetnica” (Польшча)...

