Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца РГА “Белая Русь” пры падтрымцы Міністэрстваў адукацыі і інфармацыі рэспублікі, Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў краіны і рэдакцый рэспубліканскіх СМІ. Традыцыйна ў ім прымаюць удзел юныя карэспандэнты газет, тэлебачання, інтэрнэт-сайтаў, вучні і рабочая моладзь. За сем гадоў існавання свае работы прадаставілі больш за 12 тысяч пачынаючых журналістаў.
Сёлета конкурс праводзіўся па трох намінацыях: “Мая непаўторная малая радзіма” – аповед пра той куток краіны, які аўтар лічыць родным; “Вялікая Перамога ў нашых сэрцах” прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і “Наш галоўны дакумент” – да 25-годдзя Канстытуцыі. Творчыя эсэ на вызначаныя тэмы даслалі больш за тры тысячы ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі – ад малодшых школьнікаў да працуючай моладзі. Больш за 200 з іх былі прызнаны лепшымі на розных з этапаў і займелі ганаровае права прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. А такіх шчасліўчыкаў вызначылася дзевяць – па тры ў кожнай намінацыі.
Як адзначыў падчас урачыстасці старшыня РГА “Белая Русь” Генадзь Давыдзька, уменне выкладаць свае думкі і пачуцці на паперы ці планшэце – вялікі талент і дар. “Усё чалавецтва дзеліцца на дзве групы: адна частка людзей піша, а другая – чытае. Вы адносіцеся менавіта да той катэгорыі, якая трансліруе свой пункт гледжання на розумы і душы іншых, фарміруе грамадскую думку. Гэта вялікая адказнасць і шчасце адначасова”, – падкрэсліў лідар самага шматлікага ў краіне грамадскага фарміравання.
У той дзень для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы. Таксама яркім сюрпрызам стала музычная праграма ад калектыву “Тэатр песні Ірыны Дарафеевай”.

