Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Форум у гонар беларускіх святых

27.09.2019

Урачыстае адкрыццё IV міжнароднага мастацкага пленэру “Святасць зямлі беларускай”, прысвечанага 35-годдзю Сабора Беларускіх Святых і 5-годдзю Маладзечанскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, прайшло на Валожыншчыне.

22 верасня ў храме прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы адбылося набажэнства. Святочную літургію і малебен перад пачаткам усякай добрай справы ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. У супольнай малітве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Адамовіч, старшыня гарпасялковага выканкама Тарэса Ліпніцкая, мастакі з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Балгарыі, прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, жыхары гарадскога пасёлка і суседніх населеных пунктаў з Валожыншчыны і Стаўбцоўшчыны.

У бягучым годзе ў спісе арганізатараў міжнароднага мерапрыемства, акрамя епархіі і Беларускага саюза мастакоў, значацца таксама Беларускі саюз жанчын, дабрачынны фонд імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай, брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у горадзе Мінску, Маладзечанскі дзяржаўны каледж імя Міхаіла Агінскага. Ініцыятар праекта, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, настаяцель івянецкага храма айцец Віктар Перагудаў па традыцыі з’яўляецца духоўнікам пленэру. Пры дапамозе прыхаджан святар наладзіў адмысловую сістэму дабрачыннай падтрымкі шматдзетных сем’яў, людзей з інваліднасцю, у тым ліку і выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната. Некаторыя юнакі і дзяўчаты, што пражываюць і вучацца ва ўстанове, сталі аднымі з герояў першага дня маштабнай сустрэчы. Разам з дырэктарам Аленай Петрашкевіч і педагогамі яны пабывалі на набажэнстве, атрымалі падарункі ад епархіі і Беларускага саюза жанчын. Каб асабіста падтрымаць прадстаўнікоў сацыяльнай установы, прыбыў начальнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук.

Першы дзень пленэру завяршыўся на аграсядзібе “Ігліца”, дзе адбылося знаёмства з краявідамі Налібоцкага краю, затым сіламі актывістаў маладзёжнага брацтва Маладзечанскай епархіі быў наладжаны канцэрт.

23 верасня ўдзельнікі пленэру таксама правялі ў Івянцы, дзе ладзіўся круглы стол “Творчае сумоўе”. Для ганаровых гасцей расчыніў дзверы дом-інтэрнат. Выхаванцы і настаўнікі парадавалі шаноўных візіцёраў праграмай з лепшых творчых нумароў.

Па запрашэнні епіскапа Паўла ўдзельнікамі мерапрыемстваў у рамках пленэру сталі журналісты з Масквы. Муж і жонка Драбышэўскія – ураджэнцы Магілёўшчыны. Па волі лёсу для сям’і ваеннаслужачага месцам жыхарства стала сталіца Расійскай Федэрацыі, але таленавітыя людзі падтрымліваюць сяброўскія стасункі з творчай інтэлігенцыяй Беларусі, прымаюць удзел у сумесных праектах. Сёння Аляксандр Уладзіміравіч – галоўны рэдактар часопіса “Веснік ваеннай адукацыі”, а Надзея Мікалаеўна – пісьменнік і публіцыст. Іх візіт у Беларусь абавязкова будзе мець творчы вынік. Выданні, з якімі супрацоўнічаюць, чакаюць іх справаздачы з камандзіроўкі на радзіму. Асабліва зацікавіла расійскіх майстроў слова асоба айца Віктара. Госці падкрэслілі: наяўнасць такіх персон у грамадстве гаворыць пра яго духоўнасць, таму ў гэтым сэнсе за беларусаў можна быць спакойнымі.

З удзячнасцю да арганізатараў валожынскай часткі мерапрыемстваў і да прадстаўнікоў улады, якія нязменна падтрымліваюць людзей мастацтва, выказаліся старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца і куратар пленэру Глеб Отчык.

3 кастрычніка ў Палацы культуры Маладзечна адкрыецца вернісаж, дзе будуць прадстаўлены работы мастакоў праекта-2019. Завершыцца ж форум выставай удзельнікаў папярэдніх пленэраў і вялікай канцэртнай праграмай у Маладзечанскім каледжы мастацтваў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

«Працoўная слава»