У форуме прынялі ўдзел прафсаюзныя актывісты, старшыні пярвічак. У прэзідыум былі абраны старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В. С. Гідлеўскі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Т. У. Яныш, а таксама ганаровыя госці – старшыня раённага Савета дэпутатаў П. І. Бібік і галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў М. С. Колас.
Як адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская, прафсаюз не толькі самая шматлікая арганізацыя ў краіне, але і найбольш ініцыятыўная. Гэта паказала работа над законапраектам Працоўнага кодэкса. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з распрацоўшчыкаў дакумента. Унесены каля 40 прапаноў. У прыватнасці, прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы ў колькасці 30 дзён, тады як першапачатковая рэдакцыя прадугледжвала скараціць тэрмін да 7 дзён. У новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса ўдалося захаваць права за пенсіянерамі, якія патрабавалі скасавання працоўнага дагавора па прычыне вінаватасці наймальніка на атрыманне кампенсацыі ў памеры трохмесячнай зарплаты. Яшчэ адзін прынцыповы момант – перазаключэнне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальна працяглы тэрмін або перавод іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый.
На раённым узроўні важнай вехай стала заключэнне Пагаднення паміж райвыканкамам, наймальнікамі і прафсаюзамі, у якім адлюстраваны ўсе бакі жыцця ў працоўных калектывах: эканамічны стан, вытворчы працэс, ахова працы, калектыўныя дагаворы, спартыўна-масавая работа, маладзёжная палітыка, клопат пра ветэранаў. Дакумент накіраваны на тое, каб пры вырашэнні спрэчных пытанняў захоўваліся сацыяльныя гарантыі працуючых.
Радуе, што з’яўляецца ўсё больш калектыўных дагавораў з дадатковымі гарантыямі, матэрыяльным заахвочваннем і стымуляваннем работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця.
Адзін з важнейшых кірункаў дзейнасці прафсаюзаў – ахова працы. Дарэчы, у бліжэйшы час чакаецца праверка 10 арганізацый раёна на прадмет выяўлення парушэнняў у гэтай сферы.
Прафсаюзы былі і застаюцца ў цэнтры жыцця, падтрымліваюць прагрэсіўныя з’явы і станоўчыя змены, робяць усё магчымае, каб адстаяць інтарэсы чалавека працы. Аднак хапае ў рабоце арганізацыі і негатыву. У першую чаргу неабходна пазбавіцца такога баласту, як раўнадушша, фармалізм. Там, дзе за справу бярэцца сапраўдны лідар, у калектывах расце давер да прафсаюзаў. Людзі пачынаюць асвядомліваць сябе як актыўных членаў грамадства. Менавіта на іх будзе рабіцца стаўка ў важнейшых электаральных мерапрыемствах, у тым ліку і выбарах.
Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

