Як паведамляе прэс-служба Мінскага аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў хлебаробаў Міншчыны з паспяховым завяршэннем уборачнай страды.
Прывітальны адрас на фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла зачытаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец.
- Сардэчна віншую вас з паспяховым завяршэннем асноўнага этапу ўборачнай кампаніі 2019 года. У гэтым годзе ўклад Міншчыны ў рэспубліканскі каравай - самы важкі. Вы з'яўляецеся лідэрамі і па іншых ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці. - гаворыцца ў віншаванні.
Зладжана працавалі падчас уборачнай кампаніі аграномы, механізатары, камбайнеры, кіраўнікі і спецыялісты.
— Аграрыі, чыя самаадданая праца забяспечвае харчовую бяспеку краіны, — сапраўдныя героі нашага часу. Перакананы, што і ў далейшым любоў да роднай зямлі, адданасць прафесіі і адказнае стаўленне да справы дапамогуць вам захаваць высокія пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі, а нашы ўраджаі з кожным годам будуць толькі багацей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, падзякаваўшы хлебаробам за працавітасць, адказнасць і самаадданыя будні.
Старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка павіншаваў хлебаробаў з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі падчас правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019», паведамляе прэс-служба Мінскага аблвыканкама.
Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна адзначыў, што ўраджай збожжавых і зернебабовых культур у Мінскай вобласці перавысіў 1 мільён 700 тысяч тон. Гэта істотна больш, чым у мінулым годзе. Тысячны намалот пераўзышлі 665 экіпажаў. Ёсць па выніках уборачнай і 6 экіпажаў трохтысячнікаў. Кожная чацвёртая тона збожжа ў рэспубліцы праведзена ў Мінскай вобласці.
Лепшымі па намалоце сталі Слуцкі, Мінскі і Нясвіжскі раёны. У лідары па ўраджайнасці выйшлі Нясвіж, Дзяржынск і Клецк.
- Поспехі ў аграрным сектары эканомікі - аснова далейшага руху наперад. Але цяперашні ўраджай для нас не мяжа. Патэнцыял цэнтральнага рэгіёна нашмат вышэйшы. І для дасягнення пастаўленых мэтаў ёсць усё: тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, але галоўнае - працавітыя людзі – сказаў старшыня аблвыканкама.
Таксама Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў свята на тэме добраўпарадкавання Барысава:
- Горад змяніўся, і ў гэтым заслуга як будаўнікоў, так і мясцовых жыхароў. Так, не ўсё атрымлівалася, нялёгка даваліся многія аб'екты, нас крытыкавалі. Але, нягледзячы ні на што, пастаўленыя задачы выкананыя. З правядзеннем «Дажынак» добраўпарадкаванне Барысава не заканчваецца. Вялікая будоўля працягнецца і ў наступным годзе.
Кіраўнік вобласці выказаў словы падзякі ўсім, хто ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю, і падзякаваў жанчынам, якія не толькі працавалі на хлебнай ніве, але і з'яўляліся надзейным тылам дома.
- Ад усёй душы жадаю ўсім далейшых поспехаў у высакароднай працы ў імя росквіту Мінскай вобласці і нашай роднай Беларусі. Моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, міру і дабра, цяпла і ўтульнасці ў вашых дамах і сем'ях! - сказаў Анатоль Ісачанка.
Вядзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў хлебнага спаборніцтва.
Сярод адзначаных высокімі ўзнагародамі - камбайнер КСУП «Пяршаі-2014» Аляксандр Ліпень.

