І. І. Лужынская нарадзілася на хутары Калагрывец былога Сугваздаўскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Бацька працаваў мельнікам у калгасе, маці хадзіла ў брыгаду, але нядоўга з-за хваробы сэрца. Ірына – позняе дзіця: бацькам было пад сорак, калі яна нарадзілася, старэйшаму брату – 18 гадоў. Што памятаецца з дзяцінства? Мноства скаціны, ніякіх выгод і цывілізацыі: жылі без вады і электрычнасці. Яшчэ малой (у 3-4 класе) Ірына брала два вядры на каромысел і ішла за кіламетр у Лучынскія за вадой, а, вяртаючыся, наломіць галінак і пакладзе на вёдры, каб не расплюхвалася. Крыху падросшы, ставіла на веласіпед спераду і ззаду два бітоны па 40 літраў: туды лёгка ехалася, а вось назад даводзілася папацець. Дарог не было, у школу хадзіла за 3 кіламетры ў адзін бок. Сем класаў скончыла ў Сугваздах, а калі перайшла ў восьмы, забраў да сябе брат, які жыў у Маладзечне і працаваў у геолагаразведцы.
Вучылася добра і вырашыла паступаць у Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум на спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік”. Атрымаўшы на экзаменах дзве чацвёркі і пяцёрку, прайшла па-за конкурсам. Калі была на апошнім курсе, не стала бацькі: на размеркаванні папрасіліся, каб накіравалі бліжэй дадому. Патрапіла ў Валожынскі райспажыўсаюз, дзе адрабіла паўтара года: кожны дзень раніцай і вечарам ездзіла на работу на аўтобусе Валожын-Сугвазды, а пасля тры кіламетры ішла да роднага хутара. Па-ранейшаму з матуляй трымалі вялікую гаспадарку – каровы, цяляты, свінні, авечкі, таму давялося ўзяцца за плуг і касу. “Дзе горай, дзе лепей, – успамінае Ірына Іванаўна, – але ўсяму навучылася. І настолькі прывыкла да працы, што мне ніякая работа не была ў цяжар. Так і спраўлялася, пакуль замуж не выйшла”.
1972 год стаў для яе лёсаносным: выйшла замуж, перайшла працаваць у сельгастэхніку, а следам за ёй сюды ж уладкаваўся і муж. Спачатку была бухгалтарам, затым – інжынерам па тэхабслугоўванні даільных і халадзільных установак жывёлагадоўчых ферм і па сумяшчальніцтве нявызваленым старшынёй прафкама. Калі ў райвыканкаме з’явіўся аддзел па інфармацыйнай рабоце, яе прызначылі спецыялістам па гэтым кірунку дзейнасці на прадпрыемстве, а з цягам часу – намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кім і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак і яшчэ пяць гадоў, ужо знаходзячыся на пенсіі.
Больш за два дзесяцгоддзі І. І. Лужынскай пашчасціла рабіць поплеч з Уладзімірам Іванавічам Глябовічам. “Гэта быў кіраўнік ад Бога, разумеў і падтрымліваў ва ўсім. Я ішла на работу з натхненнем, – расказвае мая гераіня. – Вельмі ганарылася сваім прадпрыемствам, якое займала першае месца не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Уладзімір Іванавіч збіраў яго па крупінках. Спачатку тут рамантавалі гусенічныя трактары “ДТ-75”, а калі на змену ім з’явіліся калёсныя, побач з рамонтнай майстэрняй пабудавалі памяшканне, каб абслугоўваць новую тэхніку. Наладзілі зносіны з Мінскім трактарным заводам, адкуль нам паставілі 7 індыйскіх ліццявых машын. Так пачалі выпускаць для іх запасныя часткі. Пасля адкрылі цэх пластмасавых вырабаў і выйшлі на завод халадзільнікаў “Атлант”, які таксама прывёз абсталяванне для выпуску камплектуючых дэталяў з пластмасы да халадзільнікаў. Дзякуючы гэтаму, стварылі каля 300 новых рабочых месцаў, і калектыў павялічыўся да 900 чалавек. Працавалі ў тры змены. У сярэдзіне 90-х да нас далучылі райсельгасхімію.
Прадпрыемства знаходзілася на самым піку славы. Людзі добра зараблялі і ўладкавацца сюды на работу жадалі многія. Да кіраўніка на прыём, які праводзіўся па панядзелках, запісваліся па 50 чалавек. Абавязкова прысутнічалі я і начальнік пластмасавага цэха. Розныя прыходзілі людзі, але мы разумелі, што рабочае месца ў нас – выратавальны круг для іх.
З якімі толькі пытаннямі не звярталіся ў прафкам работнікі – яны адчувалі і бачылі значнасць прафсаюза, таму членамі былі ўсе без выключэння. Дапамагалі мне ў рабоце 7 прафгрупоргаў з ліку ініцыятыўных, нераўнадушных членаў калектыву. Так, прафкам сачыў за чаргой на кватэру, а будавалі тады шмат: спачатку ведамаснае жыллё, а калі пачаліся кааператывы, аказвалі дапамогу на першы ўзнос. Пры аплаце бальнічных абавязкова ўлічвалася членства ў прафсаюзе, выдаткоўваліся грошы і на наведванне хворага ў бальніцы. Кожны меў магчымасць атрымаць пуцёўку ў санаторый ці Дом адпачынку, прычым суму, якую павінен быў заплаціць чалавек, аплачваў прафкам. На кантролі быў і адпачынак для дзяцей: і гэта не толькі летнія лагеры, але і аздараўленне ў “Налібоцкай пушчы”. Таксама дзеці ездзілі падчас летніх канікулаў за мяжу: два гады сама вазіла групу па 40 чалавек на цэлы месяц у Польшчу. Жылі яны ў сем’ях, а я да іх наведвалася і сачыла за пражываннем.
Шмат аб’ездзілі гарадоў з экскурсіямі: былі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Калінінградзе, на Рыжскім узмор’і, у турах па Залатым кальцы Расіі, у Грузіі, Арменіі і інш. Сама паездка – за кошт прафсаюза, а транспартныя расходы брала на сябе адміністрацыя.
З прыемнай настальгіяй успамінаюцца першамайскія і лістападаўскія дэманстрацыі: мы выходзілі з транспарантамі ў калоне да 500 чалавек. А колькі хвалюючых і ўзнёслых эмоцый прынёс раённы агляд мастацкай самадзейнасці “Красуй радзіма, квітней жыццё”, дзе занялі пачэснае 1-е месца сярод прамысловых прадпрыемстваў – таленты шукалі толькі сярод сваіх! Наша вакальная група яшчэ доўгі час выступала на розных святах… Усё гэта аб’ядноўвала калектыў, людзі трымаліся за сваё рабочае месца, чалавек быў упэўнены ў заўтрашнім дні”.
…Дабро ніколі не забываецца, і ніхто не ведае дакладна, калі і з якога боку яго чакаць. Вось і падчас уручэння юбілейнага медаля Ірына Іванаўна расчулілася да слёз і дрыготкім ад хвалявання голасам зазначыла: “Калі ты працуеш і цябе ўшаноўваюць – гэта ўспрымаецца як заслуга. А калі ўжо 10 гадоў, як на пенсіі, і цябе ўспомнілі – адчуваеш вялікую радасць і асалоду на душы. І разумееш, што ты пакінуў нейкі след на зямлі…”
3 студзеня І. І. Лужынская адзначыла дзень нараджэння. Шчыра віншуем шаноўную гераіню аповеду з асабістым святам і жадаем моцнага здароўя, душэўнай цеплыні і асалоды, шчасця і доўгіх гадоў жыцця.

