Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Цеплыня сустрэчы

21.01.2020

Пашыранае пасяджэнне прэзідыума раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і ветэранскага актыву адбылося на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына.

Калядная сустрэча праходзіла ў рамках сумеснага плана работы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сферы адукацыі і навукі і раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі і прафсаюзнага руху. Разам сабраліся старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый устаноў адукацыі, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, члены прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Усіх прыбыўшых гасцінна сустрэў дырэктар установы адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Уланчык. Ён расказаў пра школу, яе вучняў і іх дасягненні, а затым правёў у музей, дзе пастаянныя экскурсаводы прадставілі экспазіцыі, што адлюстроўваюць сялянскае і гарадское жыццё IX – пачатку XX стагоддзя, а таксама выставы прадметаў пляцення з саломы, лазы і берасты, беларускага народнага адзення, музычных інструментаў таго часу. Вучні прадэманстравалі прысутным старажытны беларускі народны танец, задорная мелодыя якога прымусіла пусціцца ў скокі і некаторых гасцей.

Затым удзельнікаў мерапрыемства правялі ў міні-цэнтр бяспекі жыццядзейнасці створаны ў рамках ініцыятывы “Бяспека дзяцей. Інавацыйныя метады навучання бяспецы жыццядзейнасці”. У інавацыйным класе паказалі, як можна ў гульнявой форме выпрацаваць навык бяспечных паводзін, на практыцы навучыцца знаходзіць выхад з разнастайных надзвычайных сітуацый. Госці былі ў захапленні ад усіх пяці комплексаў, асаблівую цікавасць выклікаў “Пакой памылак”, дзе небяспечныя сітуацыі генерыруюцца з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

Далей шаноўных людзей чакаў цудоўны канцэрт, які падрыхтавалі вучні школы, і сумеснае чаяванне.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала павітала прысутных і расказала аб тым, што адбылося ў сістэме адукацыі раёна за мінулы год. На Валожыншчыне дзейнічаюць 27 устаноў, дзе працуюць 1114 чалавек, 815 з іх – педагагічныя работнікі, і вучацца 4618 дзяцей. Таццяна Мікалаеўна паведаміла пра поспехі школьнікаў у алімпіядах, інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсах, якіх рабяты дамагаюцца, дзякуючы сваім настаўнікам. Яна прывяла прыклады найбольш яркіх перамог за мінулы год, з гонарам паведаміла, што ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама стала лаўрэатам абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лідар ў стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя” і пераможцам абласнога конкурсу “Лідар у рэалізацыі кадравай палітыкі”. Кіраўнік адзначыла, што важным напрамкам дзейнасці ўпраўлення з’яўляецца і работа з ветэранамі працы, актыўная жыццёвая пазіцыя якіх застаўляе быць у пастаянным пошуку новых форм работы. Яна пажадала ўсім прысутным пазітыўнага настрою, моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, аптымізму, душэўнай цеплыні і спаўнення самых запаветных жаданняў.

Старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вераніка Віктараўна Загорская адзначыла, што прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі праводзіць вялікую работу з ветэранамі педагагічнай працы, а тыя заўсёды актыўна адгукаюцца на любую прапанову. Гэта вельмі радуе і стымулюе на далейшую сумесную працу.

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сферы адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская паведаміла, што перад прафсаюзам і ветэранскім актывам стаяць вельмі важныя і надзённыя задачы. Неабходна надаць увагу кожнаму ветэрану, а іх у сістэме адукацыі на 1 студзеня 2020 года налічваецца 564 чалавекі, 445 з якіх не працуюць, 52 – адзінокія, 8 – інваліды. Сярод іх – 11 чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 3 – заслужаныя настаўнікі, 13 – выдатнікаў адукацыі, ёсць адзін малалетні вязень – былы настаўнік Шчаўканаўскай школы Надзея Іванаўна Каваленка. Гэта той залаты фонд, якім трэба ганарыцца, як і ўсімі, хто працаваў у сістэме адукацыі.

Ветэранамі педагагічнай працы было сказана шмат добых цёплых слоў падзякі ў адрас кіраўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сферы адукацыі і навукі, раённага савета ветэранаў, пярвічных арганізацый. Таксама гучалі віншаванні і шчырыя пажаданні. Намеснік старшыні раённага савета ветэранаў педагагічных работнікаў Марыя Антонаўна Шакун заўважыла, як здорава, што на Валожыншчыне жыве традыцыя такіх калядных сустрэч. У ветэранаў педагагічнай працы ёсць магчымасць пабываць у розных навучальных установах і далучыцца да таго новага, цікавага, што там адбываецца. Яна падзякавала кіраўніку і калектыву школы за сур’ёзную падрыхтоўку і правядзенне такой цікавай сустрэчы. На заканчэнні вядомая валожынская паэтка пачытала свае вершы.