Завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у якім прынялі ўдзел каля 900 школьнікаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі са сталічнага рэгіёну. Валожынскі раён прадставілі 15 удзельнікаў.
Базамі для правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў сталі навучальныя ўстановы Барысава, Вілейкі, Дзяржынска, Жодзіна, Маладзечна, Нясвіжа, Слуцка, Салігорска, Узды і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Рабяты дэманстравалі свае веды па 18-і прадметах. Па 5-і з іх хлопцы і дзяўчаты з Валожыншчыны аказаліся ў ліку лідараў. Усяго ж яны атрымалі 8 дыпломаў I-III ступеняў.
Выдатныя вынікі па прадмеце “Працоўнае навучанне” ў чарговы раз паказалі вучань 11 класа гімназіі № 1 г. Валожына Антон Віршыч і вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра Ганна Радзівілка. Сёлета ў іх абаіх самыя высокія ўзнагароды – Дыпломы I ступені. Маладыя людзі дасягнулі такога бліскучага поспеху дзякуючы сваім педагогам – Аляксандру Антонавічу Кербедзю і Іне Леанідаўне Кербедзь адпаведна.
Адразу тры дыпломы па прадмеце “Матэматыка” заваявалі вучні гімназіі № 1 г. Валожына. У адзінаццацікласніцы Алены Станкевіч – Дыплом II ступені, у дзевяцікласніцы Веранікі Бобрык і васьмікласніцы Дар’і Вайцяхоўскай – Дыпломы III ступені. Усіх траіх дзяўчат падрыхтавала да алімпіяды Ірына Уладзіміраўна Уланчык.
І яшчэ два Дыпломы II ступені на рахунку прадстаўнікоў гэтай установы адукацыі. Імі ўзнагароджаны неаднаразовыя пераможцы алімпіяды – адінаццацікласнікі Ігнат Шаргародскі па прадмеце “Інфарматыка” і Карына Растаргуева па прадмеце “Замежная мова”. Да конкурсу яны рыхтаваліся пад кіраўніцтвам Таццяны Леанідаўны Барахоўскай і Вольгі Леанідаўны Шаргародскай.
Па прадмеце “Беларуская мова і літаратура” Дыплом III ступені заслужана атрымаў вучань 11 класа Пяршайскага НПК Мікалай Калясінскі. Любоў да гэтай вучэбнай дысцыпліны ў хлопца выхавала педагог Ядвіга Зігмундаўна Калясінская.
Усе вышэйназваныя рабяты прадэманстравалі глыбокія веды, ім давялося адказваць на пытанні тэарэтычнага тура, выконваць тэсты, рашаць матэматычныя і тэхналагічныя задачы, працаваць з тэкстамі і свабодна размаўляць з членамі журы на замежнай мове, пісаць творчыя работы, прапаноўваць рашэнні алгарытмічных задач на мове праграмавання, паказваць практычныя ўменні і інш.
Хлопцы і дзяўчаты дастойна прайшлі выпрабаванні. Пяць з іх – Антон Віршыч, Ганна Радзівілка, Алена Станкевіч, Ігнат Шаргародскі і Карына Растаргуева – у складзе каманды сталічнага рэгіёну прымуць удзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды. Між іншым, чацвёра з іх вучацца ў гімназіі № 1 г. Валожына.
Пажадаем нашым юным інтэлектуалам далейшых поспехаў і новых узнагарод.