Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Адукацыя – драйвер развіцця эканомікі рэгіёну

25.02.2020

Такое меркаванне выказаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын на сустрэчы з педагагічным актывам вобласці, што адбылася ў аблвыканкаме.

Да адкрытага дыялога старшыня Мінаблвыканкама запрасіў 25 настаўнікаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы. Сярод іх – кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі са шматгадовым стажам, маладыя настаўнікі-прадметнікі, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, уладальнікі дзяржаўных узнагарод.

Можна сказаць, што ўсіх удзельнікаў сустрэчы аб’ядноўвае любоў да дзяцей, а прадметам іх гонару з’яўляюцца дасягненні вучняў – пераможцаў і лаўрэатаў розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, алімпіяд, канферэнцый.

– Самая галоўная каштоўнасць – людзі, – адзначыў, вітаючы педагогаў, старшыня Мінаблвыканкама. – Вы закладваеце падмурак чалавека як асобы. Самае важнае і каштоўнае ў настаўніка – неабыякавасць.

Аляксандр Турчын распавёў, што да гэтага часу падтрымлівае адносіны са сваімі педагогамі і памятае, з якой цеплынёй ставілася да дзяцей яго настаўнік рускай мовы і літаратуры, быццам другая мама, укладваючы часцінку сваёй душы ў развіццё вучняў.

Ён запрасіў педагогаў да адкрытага дыялога, прапанаваў абмеркаваць, як менавіта яны бачаць жыццё і развіццё рэгіёнаў, у якіх працуюць. Як адзначыў Аляксандр Генрыхавіч, многія з іх доўгія гады выкладаюць на сваёй малой радзіме, і гэта заслугоўвае павагі.

На сустрэчы разгледзелі, у якія ВНУ паступаюць нашы дзеці, якія спецыяльнасці выбіраюць. Практычна адзіным было меркаванне выкладчыкаў аб рэпетытарстве: “І без яго рабяты паспяхова паступаюць у ВНУ, а школьны настаўнік здольны даць добрыя веды. Часцяком, рэпетытарства – пэўны прэстыж і жаданне бацькоў даць свайму дзіцяці ўсё, што толькі магчыма, уключаючы і дадатковыя заняткі”.

Таксама абмеркавалі пытанне прымянення сучасных тэхналогій у працэсе навучання. На думку Аляксандра Турчына, пачынаючы з 7-8 класа, неабходна ствараць базу даных навучэнцаў, каб дапамагчы сфарміраваць маладым людзям будучы напрамак прафесійнай дзейнасці.

Завяршаючы сустрэчу, Аляксандр Турчын адзначыў, што сфера адукацыі – гэта важная частка эканомікі рэгіёну, зачын на яе будучыню. Важна, каб маладыя людзі змаглі прымяніць свае прафесійныя навыкі і ўменні ў нашай краіне, а не за яе межамі.

Настаўнік геаграфіі з 40-гадовым стажам з горада Капыля выказала меркаванне, што такія зносіны з кіраўніком Мінскай вобласці дазволілі абмеркаваць тыя пытанні, што хвалявалі настаўнікаў, а таксама выказаць словы падзякі за тое, што дзяцей – пераможцаў алімпіяд і конкурсаў пастаянна заахвочваюць стыпендыямі Мінаблвыканкама, запрашаюць на святы. Дзякуючы гэтаму, рабяты адчуваюць сябе запатрабаванымі, што вельмі важна. У цэлым размова атрымалася душэўнай і дастаткова адкрытай.