Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Памятаем, сумуем, ганарымся…

25.02.2020

Боль афганскага канфлікту не пакідае сэрцы беларусаў вось ужо 31 год. Самі ж удзельнікі тых падзей успамінаць “не нашу вайну” лішні раз не імкнуцца – вялікім болем адгукаецца ў сэрцы кожны яе эпізод. Толькі раз у год, 15 лютага, у дзень вываду савецкіх войск з далёкай усходняй краіны, збіраюцца яны на традыцыйную сустрэчу. І тады зноў і зноў паглыбляюцца ў сваё юнацтва, апаленае гарачым сонцам, і ўшаноўваюць памяць аб сябрах, што навечна засталіся ў іх сэрцах, аддана выканаўшы інтэрнацыянальны абавязак.

На Валожыншчыне сёння пражываюць каля 60-і былых афганцаў. Але толькі палова з іх змаглі прыбыць у райцэнтр для ўдзелу ў мерапрыемствах да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, большасць маюць раненні, кантузіі, пакутуюць ад розных захворванняў. Таму не дзіўна, што побач з таварышамі ў гэты дзень быць не могуць. Ды і тым, каму пашчасціла пазбегнуць вялікіх праблем са здароўем, зусім няпроста зноў і зноў дакранацца да ранаў душы, што загойваюцца з такой цяжкасцю.

Чарговая сустрэча інтэрнацыяналістаў з кіраўніцтвам раёна прайшла ў зале райвыканкама. Віталі шаноўных людзей старшыня райвыканкама Яўгеній Круковіч і яго намеснік Ігар Шакун. Яўгеній Міхайлавіч пацікавіўся надзённымі клопатамі мужчын, якія па праве называюцца ветэранамі. Толькі не ў іх характарах “загружаць” кагосьці сваімі праблемамі. Таму гутарка была непрацяглай, пасля чаго ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў сквер для ўдзелу ў памятным мітынгу.

Ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, родныя афганцаў. Яны шчырымі апладысментамі падтрымалі выступленні кіраўніка раённай улады Я. М. Круковіча і старшыні райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Р. М. Русакевіча. Рыгор Мікалаевіч у сваёй кароткай, але шчымлівай прамове ўзгадаў землякоў, якія вось ужо тры дзесяцігоддзі глядзяць на свет з помнікаў на могілках у Багданаве, Ракаве, Гародзьках. Павел Падрэз, Іван Мазура, Валянцін Сліж – імёны, вядомыя кожнаму валожынцу. Гэтыя юнакі даўно сталі сапраўднымі сімваламі мужнасці. Памятныя дошкі ва ўстановах адукацыі, чыімі выпускнікамі яны з’яўляюцца, нагадваюць сённяшняму пакаленню маладых, што любыя канфілікты, а тым больш такія, калі ў ход пускаецца зброя, – вельмі страшна.

Прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да помніка, а затым у скверы стала ціха-ціха. Толькі аддалены гоман з ажыўленых вуліц горада і шчэбет птушак парушалі пранізлівы момант хвіліны маўчання. Кожны думаў аб хлопцах, якія развіталіся з жыццём тады, калі б маглі жыць і жыць, пра лёс матуль, што так і не дачакаліся любых сыночкаў. А пасля (о, цуд!) сонца зусім па-вясенняму ўсміхнулася ўдзельнікам мерапрыемства – нібыта яшчэ раз нагадала: вайна не для мірнага неба Беларусі.