Ураджэнец вёскі Буні паспеў за гэты час асвоіць некалькі ваенных спецыяльнасцей, у тым ліку артылерыста і механіка-вадзіцеля. Мужчына прызнаецца, што толькі ў апошнія гады яго паціху сталі пакідаць трывожныя сны, напоўненыя сцэнамі з таго перыяду жыцця. Колькі разоў давялося прасынацца ад страху і амаль насамрэч адчуваць гукі бою, жар распаленага пяску, што засыпае вочы і перакрывае дыханне.
Раман удзячны лёсу за падораную магчымасць вярнуцца жывым і тым самым зрабіць шчаслівымі сваіх родных. Сёння мужчына мае жонку, сыноў. Працуе вадзіцелем пагрузчыка ў ДЭУ-61. Яго калегі і родныя стараюцца не турбаваць пытаннямі наконт ваеннага мінулага. Ведаюць толькі: напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Раман Мікалаевіч абавязкова на некалькі гадзін знікне з іх поля зроку і зноў адчуе сябе маладым савецкім салдатам, які жыве ад абстрэлу да абстрэлу і апантана, да болю, чакае сустрэчы з радзімай.

