Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Прыгажуня, музыкант, ветэрынар

25.02.2020

Нядаўна ветфельчар КСУП «Сакаўшчына-агра» Вольга АЛЕКСЮТОВІЧ прыняла ўдзел у рабоце злёту маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу, што праходзіў у горадзе Горкі на базе знакамітай акадэміі.

Дзяўчына пабывала на кожным з мерапрыемстваў, што значыліся ў даволі насычанай праграме. Асабліва запомнілася сустрэча з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолем Хацько, падчас якой кожны прысутны мог задаць пытанне і атрамаць на яго грунтоўны адказ. Юнакі і дзяўчаты разам з арганізатарамі сустрэчы абмеркавалі самыя надзённыя праблемы, што паўстаюць на шляху тых, хто вырашыў рабіць кар’еру менавіта ў сельскай гаспадарцы.

Давайце ж пазнаёмімся з прыгажуняй Вольгай. Прыбыла яна на Валожыншчыну па размеркаванні. А нарадзілася і вырасла, дзе б вы думалі? У сталіцы! Вось ужо год, як ураджэнка Мінска ў якасці ветэрынара разам з непасрэдным начальнікам – галоўным ветэрынарным урачом Антонам Таўгянём, іншымі спецыялістамі і жывёлаводамі нясе адказнасць за пагалоўе на фермах гаспадаркі. Пагадзіцеся, сітуацыя не самая распаўсюджаная. Часцей за ўсё прафесіі падобнага профілю выбіраюць юнакі і дзяўчаты, што нарадзіліся і выраслі ў вёсцы.

Бліжэйшыя родныя Вольгі Уладзіміраўны, а гэта выключна жанчыны, працуюць ці працавалі… вадзіцелямі. Бабуля амаль 40 гадоў вазіла медыкаў і іх пацыентаў на аўтамабілі хуткай дапамогі, а матуля і сёння за рулём тралейбуса. Цікава, але іх прамы нашчадак – адзіная дачка і ўнучка – пакуль умее ездзіць толькі конна. У школьныя гады захаплялася адным з самых прыгожых відаў спорту – канкурам. У спецыялізаваную школу дзяўчынка накіравалася таму, што, колькі сябе помніць, заўсёды душой і сэрцам цягнулася да жывёл. Коцікі, сабачкі, хамячкі, мышкі былі для яе сябрамі, аб’ектамі дабрачыннасці і… пацыентамі. Малой хацелася атуліць клопатам кожную безабаронную істоту, якая сустракалася на шляху. Таму дзесьці класе ў трэцім выспела ідэя: буду для іх доктарам! Хто з нас у пяшчотным узросце не прымаў падобныя рашэнні, а вось спраўджвалі іх адзінкі.

Вольга ж, нягледзячы на вельмі жаноцкую знешнасць, мае неверагодна моцны і рашучы характар. Адзін раз паставіўшы перад сабой мэту, прыкладвае намаганні дзеля яе дасягнення. Выпускніца Ільянскага каледжа ў хуткім часе плануе паступіць у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Апантаная складанай прафесіяй дзяўчына шчыра прызнаецца, што першыя месяцы працы ў сельгаспрадпрыемстве можна назваць няпростым выпрабаваннем. Але ні ў якім разе яны не сталі падставай для таго, каб збочыць з абранага шляху. Цікава, але матуля і бабуля, самі прадстаўніцы не вельмі распаўсюджаных сярод жанчын спецыяльнасцей, стараліся прывіць Вользе інтарэс да больш элегантных рэчаў. Яна паспяхова скончыла музычную школу па класе скрыпкі. Але пры ўсёй любові да класічнай музыкі па гэтай сцяжыне не пайшла, хоць і лічылася перспектыўнай. Сказаць, быццам скрыпку даўно і трывала закінула, нельга. Калі бывае дома, не-не ды і возьме ў рукі інструмент. На публіцы ж апошні раз выступала падчас выпускнога вечара ў каледжы.

Мяне ўразіў узровень юнай асобы ў кірунку культурнага развіцця. Яна – аматар добрай літаратуры, музыкі, кіно. Сама сябе лічыць не вельмі кантактным чалавекам, аднак мае сяброў, даволі хутка адчула еднасць з калектывам, цэніць стаўленне дырэктара Івана Уладзіміравіча Янюка, адзначае: задаволена бытавымі ўмовамі, якія створаны для маладых спецыялістаў у гаспадарцы.

Гэта дзяўчына, нягледзячы ні на якія цяжкасці і далёка не самую высокую зарплату, трывала стаіць на нагах. Любіць прафесію, апантана павышае адукацыйны ўзровень, увогуле збіраецца стаць лепшай з лепшых. Дзе ў рэшце марыць працаваць? Хацелася б – у шыкоўнай клініцы ці нават у цырку. Я ж, напрыклад, убачыла ў дзевятнаццацігадовай дзяўчыне і рысы будучага кіраўніка. Што ж, усё наперадзе. Сёння клопат маладога доктара Айбаліта – буйная рагатая жывёла і маладняк. А далей – вучыцца, вучыцца і вучыцца…