Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Вучань года

25.02.2020

Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019», які праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі адораных і таленавітых рабят, стымулявання іх пазнавальнай актыўнасці, творчай ініцыятывы і самастойнасці. Удзел у ім сёлета прынялі 20 вучняў 4-11 класаў устаноў адукацыі раёна ў намінацыях «Вучэбная дзейнасць”, «Творчая дзейнасць", «Працоўная дзейнасць”, «Спартыўная дзейнасць” і «Грамадская дзейнасць”. У лік пераможцаў увайшлі Антон Віршыч, Мілана Рэут, Аліна Княжэвіч, Таццяна Дубінец, Аляксей Яблонскі, а Анастасія Іваноўская, Арцём Раманчык, Яна Санюковіч, Яўгеній Анісовіч, Ягор Шчогалаў і Аэліта Жалток прызнаны лаўрэатамі. Пра некаторых з гэтых адораных вучняў, якія не ўпершыню трапілі ў спіс лепшых, раённая газета ўжо пісала. Таму пазнаёмім чытачоў з новымі імёнамі.

Калі запытаць васьмікласніка Ракаўскай СШ Яўгена АНІСОВІЧА, што ён думае сам пра сябе, то ў адказ можна пачуць: «Адной справай не займаюся, звычайна стаўлю сабе некалькі мэт і ажыццяўляю іх. Веру, што пастараўшыся і неабдымнае абнімеш. Жыццёвае крэда прыдумаў сам. Гучыць яно так: «Паспець усюды!”.

Хлопчыку і сапраўды ўдаецца і вучыцца добра, і мастацкай самадзейнасцю займацца, і дарослым дапамагаць. А яшчэ ён ужо ў першым класе вызначыўся з асабістым стылем у знешнасці: школьную форму заўсёды дапаўняе гальштукам-бабачкай. І гэты аксесуар ён умее насіць, як сапраўдны лонданскі дэндзі…

Нарадзіўся і жыве юны джэнтльмен у Юржышках у шматдзетнай сям’і, мае дзвюх сястрычак, брата. Мама Аксана Фёдараўна і тата Дзмітрый Часлававіч – сельскія працаўнікі, але імкнуцца дзяцей выхоўваць усебакова, у павазе да навукі, культуры. Бабуля Таіса Канстанцінаўна, якая жыве разам з імі, хваліць унука за паслухмянасць, за аптымістычны погляд на жыццёвыя праблемы, за вясёлы характар.

Як і патрабуецца вясковаму хлапчуку, ён і жывёлу хатнюю дагледзець, і з тэхнікай на «ты”, і без папярэджання бацькоў ведае, калі агарод паліць трэба. Настаўнікі на Яўгена таксама нарадавацца не могуць. Ён валанцёр атрада «Рука дапамогі”, члены якога садзяць і капаюць пажылым людзям бульбу, выконваюць іншыя сельскагаспадарчыя работы. У час летніх канікул Яўген Анісовіч вось ужо тры гады, як самастойна зарабляе грошы працай у КСУП «Валожынскае”.

А вось што гаворыць пра хлопчыка намеснік дырэктара школы Ганна Уладзіміраўна Конаўка: «Званне «Вучань года” ён атрымаў у намінацыі за працоўную дзейнасць. Але і ў іншых іпастасях ён выдатна сябе рэкамендуе. Ні адно школьнае ці класнае мерапрыемства не абыходзіцца без Жэні. Гэта вельмі артыстычнае, таленавітае дзіця. Вы б бачылі, як хораша ён выступае на сцэне ў вобразе КВЗэншчыка ці як адзін з каманды «Людзі Х”. Дарэчы, наша каманда летась перамагла ў Вілейцы на абласным этапе «Восеньскага марафону”.

У Ракаве для такіх артыстычных натур, як Яўген Анісовіч, ёсць дзе развіваць таленты. Трэці год ён наведвае гурток на базе цэнтра народнай творчасці «Жаронцы”, які спецыялізуецца на спектаклях. Здагадайцеся, каму давяраюць усе галоўныя ролі? Правільна! Жэню Анісовічу.

Не так даўно хлопчык разам са сваімі аднадумцамі і сябрамі прымаў удзел у 5-м міжнародным фэсце батлеечнага і лялечнага мастацтва «Нябёсы”, у фэсце «Радасць” ва ўніверсітэце імя Максіма Танка.

З кожным годам асабісты рахунак Яўгена папаўняецца новымі граматамі, падзякамі. Але галоўнае, хлопец расце актыўным, імкнецца да новых ведаў, уменняў, ён выдзяляецца сярод равеснікаў выхаванасцю, эстэтычным густам. Безумоўна, Жэня яшчэ знаходзіцца ў пошуках самога сябе, але відавочна, што стаўку ён робіць у правільным кірунку – раўняецца на лепшае.