Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Дзяржаўны клопат – пажылым

28.02.2020

Згодна з пратаколам пасяджэння міжведамаснай камісіі па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, што пацярпелі ад наступстваў войн (мерапрыемства адбылося пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у лістападзе 2019 года), у Валожынскім раёне праведзены маніторынг дзейнасці ў азначаным кірунку.

З 10 гадзін раніцы да 19 гадзін вечара 18 лютага з работай арганізацый раёна па сацыяльнай падтрымцы адзінокіх непрацаздольных грамадзян знаёміліся намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік 1-га аддзела ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Дзяніс Фёдараў (кіраўнік групы), начальнік службы па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Кручкова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Антаніна Уладзіміраўна Касмачова.

Падчас сустрэчы ў райвыканкаме начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Ракавец выступіла з дакладам “Аб сістэме работы арганізацый Валожынскага раёна па аказанні сацыяльнай падтрымкі пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, што пацярпелі ад наступстваў войн”. Святлана Леанідаўна паведаміла: на тэрыторыі раёна пражываюць нямногім больш за 33 тысячы грамадзян. Доля пенсіянераў складае 31,7%. Гэта азначае, у апошнія гады ўстойлівай тэндэцыяй стаў рост старэння насельніцтва. Таму пытанні, якія тычацца клопату аб пажылых людзях, пастаянна знаходзяцца на кантролі мясцовай улады. З мэтай прыняцця дадатковых мер па сацыяльнай падтрымцы дадзенага кантынгенту рашэннем раённага Савета дэпутатаў зацверджаны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва, які фінансуецца з мясцовага бюджэту. У дзень правядзення маніторынгу былі дэталёва разгледжаны ўсе магчымыя формы работы па паляпшэнні жыцця людзей – ад матэрыяльнай і сацыяльна-бытавой дапамогі да фізкультурна-аздараўленчай, асветніцкай работы. Ахоплены былі і такія кірункі, як псіхалагічная, юрыдычная дапамога, правядзенне культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская падзялілася вопытам клопату пра ветэранаў, назапашаным прафсаюзамі. Дадзеная работа рэалізуецца праз калектыўныя дагаворы прафсаюзнымі, ветэранскімі арганізацыямі і пярвічкамі БРСМ.

Удзельнікі маніторынгу наведаліся ў райбальніцу, дзе разам з галоўным урачом Паўлам Ганчаром атрымалі інфармацыю аб дзейнасці ўстановы адносна медыцынскіх паслуг і рэабілітацыйных мерапрыемстваў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (пажылыя грамадзяне, людзі з інваліднасцю). Падкрэслена: шмат зроблена ў плане безбар’ернага асяроддзя. Гасцям паказалі спецыяльна абсталяваныя палаты, новыя ліфты, пад’ёмнік, што дазваляе без праблем ажыццявіць перамяшчэнне інваліда-калясачніка з паліклінікі ў стацыянар. Павел Алегавіч засяродзіў увагу членаў камісіі на сістэме работы па аказанні медыцынскіх паслуг людзям, якія пражываюць у аддаленых населеных пунктах.

У фізкультурна-аздараўленчы комплекс гасцей запрасіла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Крыкала. Тут былі паказаны заняткі некалькіх груп пенсіённага ўзросту. На свежым паветры трэніраваліся аматаркі скандзінаўскай хадзьбы. У зале для фітнесу таксама ішлі заняткі. Прыхільніцы дадзенага віду фізічнай нагрузкі выконвалі даволі складаныя практыкаванні з лёгкасцю. Гэта не дзіва – большасць з іх з’яўляюцца пастаяннымі наведвальніцамі. Намеснік дырэктара ФАЦ Аксана Гладчанка падчас экскурсіі па пляцоўках комплексу паведаміла, што грамадзяне Валожыншчыны з задавальненнем карыстаюцца паслугамі басейна, лазні, уваходзяць у групы па аквааэробіцы, пілатэсу, ёзе, ЛФК.

У СШ № 2 гасцям паказалі работу краязнаўчага музея ў кірунку супрацоўніцтва з педагогамі-ветэранамі. Затым адбылася прэзентацыя валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадставілі даследчую работу “Чалавек з вялікай літары”, прысвечаную ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, ветэрану педагагічнай працы Майсею Віткіну. Да гарадскіх школьнікаў далучыліся і вучні Сакаўшчынскай школы з пошукава-даследчай работай “Подзвіг даўжынёй у жыццё” адносна жыццёвага шляху ўраджэнцы вёскі Чартавічы, Героя Расіі Аляксея Бацяна.

Як вядома, на базе СШ № 2 працуе міні-цэнтр бяспекі жыццядзейнасці. У спецыяльна абсталяваных кабінетах педагогі, вучні, супрацоўнікі РАНС, ТЦСАН і наведвальнікі дзённага аддзялення для людзей пажылога ўзросту прадэманстравалі сумесную работу па папярэджанні няшчасных выпадкаў.

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва членам міжведамаснай групы давялі інфармацыю пра тое, якім чынам рэалізуюцца задачы ўстановы ў рабоце з пажылымі жыхарамі раёна. У прыватнасці, адбылася сустрэча з кіраўнікамі і ўдзельнікамі групы па прафілактыцы ўзроставых кагнітыўных змяненняў у людзей, што нарадзіліся да 1945 года і пацярпелі ад нацызму. Дырэктар цэнтра Галіна Рай паведаміла, што людзі паважанага ўзросту – гэта асноўны кантынгент, дзеля якога працуе калектыў. У год 75-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі асаблівы акцэнт тут робяць на клопаце пра ўдзельнікаў і дзяцей вайны.

Пра работу па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў, асоб, што пацярпелі ад наступстваў вайны, ішла гутарка ў Пяршайскім сельскім выканаўчым камітэце. Была паказана работа мясцовай бальніцы сястрынскага догляду і гандлёвае абслугоўванне насельніцтва.

Як адзначыў кіраўнік групы Д. А. Фёдараў, усё ўбачанае па-сапраўднаму ўражвае. Зацікаўленымі службамі вядзецца пастаянна планавая работа па паляпшэнні якасці жыцця пажылых людзей. Аднак, як кажуць, няма мяжы ў дасканаласці. У бліжэйшы час у райвыканкам будзе прадастаўлена падрабязная даведка з вынікамі праведзенага маніторынгу.