Гэта маштабная і значная падзея ў грамадскім жыцці краіны. Ужо абраны 508 дэлегатаў з усёй Беларусі – прадстаўнікі розных рэгіёнаў і галін вытворчасці. Для мяне вялікі гонар і разам з тым вялікая адказнасць прадстаўляць наш раён на такім знакавым форуме. На з’ездзе мы вызначаем асноўныя кірункі работы на бліжэйшы перыяд, ставім перад сабой задачы, рашаць якія будзем у наступнай пяцігодцы. Усе яны будуць адлюстраваны ў праграме дзейнасці ФПБ на 2020-2025 г.г. Мы ўжо працуем з гэтым дакументам. І асабіста для мяне вельмі важна, каб у ім былі агавораны інтарэсы і праблемы, актуальныя для нашага раёна: развіццё сістэмы рэгулявання аплаты працы на аснове калектыўных дагавораў, развіццё ў арганізацыях сістэмы бесперапыннага прафесіянальнага навучання, прафесіянальнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў з улікам прыярытэтаў развіцця эканомікі, змяншэнне дыферэнцыяцыі грашовых даходаў розных пластоў насельніцтва.
Работа, праведзеная ў папярэднія гады, як ніколі, паказала сілу прафсаюзнага руху. Гэта аўтарытэтная арганізацыя, пазіцыя якой мае вагу на ўсіх узроўнях – ад мясцовай улады да ўрада. Па нашай ініцыятыве былі прыняты важныя ўдакладненні ў заканадаўчыя акты, накіраваныя на паляпшэнне жыцця працоўных. Упершыню ў гісторыі Федэрацыя прафсаюзаў разам з органамі выканаўчай і заканадаўчай улады выступіла адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па змяненні Працоўнага кодэкса. ФПБ былі ўнесены прапановы па змяненні больш чым 30 артыкулаў. Усе яны накіраваны на тое, каб даць дадатковыя гарантыі і палепшыць становішча працоўных. Прававая абарона работнікаў – адна з галоўных задач прафсаюзаў. У краіне штомесяц праводзяцца выязныя прафсаюзныя прыёмы грамадзян прававымі інспектарамі працы як у раённых, гарадскіх аб’яднаннях прафсаюзаў, так і непасрэдна ў арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў і гарадоў.
Падчас прафсаюзнага прававога прыёму кожны, хто звярнуўся, можа бясплатна атрымаць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу па самых розных пытаннях. За час правядзення прававых прыёмаў такая кансультацыйная дапамога аказана 73 жыхарам раёна. Але, тым не менш, ёсць яшчэ над чым працаваць. І я ўпэўнена, што ў наступныя пяць гадоў нам разам удасца дабіцца значна больш.
Вераніка ЗАГОРСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў

