Настасся ЗВАРЫКА, выпускніца Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, працуе юрысконсультам у ААТ “Суднікаўскі”. Вырасла ж і атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі ў Мінску.
У школьныя гады нават уявіць сабе не магла, што ў якасці маладога спецыяліста давядзецца ўносіць уклад у работу сельгаспрадпрыемства. З маленства аматарка фізічнай культуры і спорту марыла пра службу ў сілавых структурах. Аднак чатыры гады аддала балету. Прыгожыя вытанчаныя постаці, узнёслая класічная музыка, бялюткія пачкі і пуанты – абутак, які шчыра лічыць прыладай для катавання… Ва ўсім гэтым дзяўчынка адчувала сябе і сваёй, і чужой адначасова. Неверагодна высокія фізічныя нагрузкі і пастаянны самакантроль дазвалялі раскрывацца яе цэльнаму характару. А вось залішняя ўзнёсласць дадзенага віду мастацтва не вельмі адпавядала яе імклівасці. Уменне валодаць эмоцыямі ў любой сітуацыі – галоўнае, што вынесла з харэаграфічнай школы.
Яшчэ зусім дзіцем трызніла барацьбой са злачыннасцю, таму нават у снах бачыла сябе выключна ў форме. У якой – міліцэйскай ці армейскай – асаблівай розніцы не заўважала. Вырашыла: вось скончу школу, там і вызначуся, а пакуль на першым плане – спартыўныя дасягненні. Развітаўшыся з балетам, апантана стала шукаць свой кірунак. Чым толькі не займалася! У Школу алімпійскага рэзерву трапіла, калі стала адной з лепшых у сталічнай зборнай па гандболе. Але аднойчы ў яе жыццё ўвайшло каратэ. Амаль з першай трэніроўкі юная спартсменка адчула: вось гэта маё! Да таго ж добра ўсведамляла, што адзінаборствы абавязкова дапамогуць ёй скараціць шлях да афіцэрскіх пагонаў.
Трагічны выпадак у час чарговых збораў абарваў спадзяванні. Траўма калена аказалася досыць сур’ёзнай. Не, яна не зрабіла дзяўчыну на ўсё жыццё няздольнай займацца фізічнымі практыкаваннямі. Аднак майстар спорту павінна была пайсці ў працяглы водпуск. Гэта праблема супала з заканчэннем школы. Здаць тэсты і паспрабаваць паступіць у ВНУ не ўяўлялася магчымым. Таму пасля лячэння падала дакументы ў адзіны каледж, дзе вынікі тэсціравання былі неабавязковымі.
Хоць навучальная ўстанова і мела сельскагаспадарчы кірунак, усё ж, па разліку дзяўчыны, юрыдычная спецыяльнасць у любым выпадку наблізіць яе да мэты. Трошкі пазней прыйшло ўсведамленне, што давядзецца адпрацаваць належны тэрмін па размеркаванні. Спартыўны характар не дазволіў засмучацца. Трэба дык трэба, вырашыла яна і… трапіла на Валожыншчыну.
Тут, у “Суднікаўскім”, яе задавальняе ўсё. Ужо з’явіўся пэўны вопыт у рабоце. Многія рэчы, якія раней здаваліся незразумелымі, даўно сталі часткай яе прафесіяналізму. Настасся чэсна прызнаецца: пасля адпрацоўкі накіруецца ў Акадэмію фізічнай культуры. Сёння траўма, што ў свой час літаральна перавярнула жыццё, загаілася, а гэта значыць, карацістка з задавальненнем узнавіла трэніроўкі. Вопыт у якасці юрысконсульта, па яе сцвярджэнні, толькі ўзбагаціў біяграфію. Зараз стала больш асцярожнай нават у марах. Таму ў вельмі аддаленую будучыню заглядваць не імкнецца. І на дадзены момант самааддана (сапраўдны перфекцыяніст інакш проста не ўмее) сочыць за тым, каб уся дакументацыя прадпрыемства адпавядала літары закону.

