На гэты раз артысты запрасілі гасцей на дубінскія вячоркі “Ад суботы да аўторка”. Назва гаворыць сама за сябе. Прысутныя змаглі паглядзець не толькі гумарыстычныя замалёўкі, але і паслухаць песні ў выкананні самадзейных артыстаў, дазнацца больш пра дзявочую варажбу, пры жаданні кінуцца разам з імі ў скокі падчас народных танцаў.
Дзея разгарнулася ў вясковай хаце, дзе на вячоркі за сталом сабраліся сваякі. Цякла размова, гучалі народныя песні, адным словам – балявалі. Да іх на агеньчык завіталі не толькі аднавяскоўцы, але прыехала нават дачка – гарадская паненка са сваім жаніхом. Вось ён і паддаў жару ўсёй кампаніі, прадэманстраваў ім сучасныя песні. У пастаноўку лаканічна ўпісаліся некалькі баек, што прачыталі артысты. Так што сумаваць не прыйшлося ні малым, ні сталым, усе павесяліліся ад душы.
Многія гледачы, што завіталі на вячоркі ў сельскі цэнтр культуры, з задавальненнем набылі тэматычныя сувеніры-магніты, што вырабілі супрацоўнікі ўстановы. На заканчэнні дзеі ўсе прысутныя атрымалі з рук гаспадароў салодкія пачастункі.
У хуткім часе дубінскія вячоркі адбыліся і ў Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры. На гэты раз да знакамітых “Дубінскіх фанабэраў” далучыўся народны гурт народнай песні “Сваякі”. Мерапрыемства атрымалася яшчэ больш насычаным і яскравым. Яно надоўга запомніцца жыхарам аграгарадка і навакольных вёсак.

