Пяць гадоў таму настаўніцы гісторыі Багданаўскай СШ Марыне Іосіфаўне ТРАЦЦЯК паступіла прапанова ўзначаліць Вішнеўскі сельвыканкам. Прыемных бонусаў, лёгкіх будняў і спакойных выхадных ёй ніхто не абяцаў. Ды і сама жанчына не была такой наіўнай, каб не ведаць, што пасада старшыні – гэта вялікая адказнасць. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», Марына Іосіфаўна рашылася на перамены ў працоўнай біяграфіі...
Больш за 33000 гектараў складае плошча Вішнеўскага сельсавета, тут налічваюцца 82 вёскі, пражываюць амаль 3000 жыхароў. Да 2013 года частка зямель гэтай адміністрацыйнай акругі належала Багданаўскаму, Падбярэзскаму і Сакаўшчынскаму сельсаветам. Але жыццё дыктуе і новыя рэаліі, і новыя падыходы ў рашэнні грамадскіх праблем. Сёння далучаныя населеныя пункты знаходзяцца пад такой жа пільнай увагай, як і «родныя». Старшыня сельвыканкама ў адказе за ўсё, што адбываецца на даручанай тэрыторыі: запіс актаў грамадскага стану і газіфікацыя, вулічнае асвятленне і ачыстка дарог ад снегу, своечасовая дастаўка пошты і прыезд аўталавак. Таму працаваць даводзіцца ў цеснай сувязі з участковымі інспекатарамі міліцыі і фельчарамі ФАПаў, педагогамі і культработнікамі, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і прадстаўнікамі малога бізнесу, супрацоўнікамі МНС і камунальнікамі. І ўсё ж першым і самым надзейным сваім памочнікам Марына Іосіфаўна лічыць выконваючую абавязкі кіраўніка спраў сельвыканкама Леаніду Міхайлаўну Маляйковіч. Дзякуючы тандэму гэтых дзвюх жанчын, у Вішнеўскім сельвыканкаме звароты грамадзян разглядаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, няспынна арганізуецца работа па добраўпарадкаванні, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы з нядобранадзейнымі сем’ямі і жыхарамі, якія маюць схільнасць да антыграмадскіх паводзін. Марына Іосіфаўна Траццяк клапоціцца пра Вішнеўшчыну не толькі з-за абавязкаў чалавека на адказнай пасадзе. Яна – ураджэнка гэтай мясцовасці, таму моцна любіць яе і не шкадуе сіл дзеля дабрабыту бацькаўшчыны і родных людзей.

