10 сакавіка кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 25 школьнікаў з розных рэгіёнаў, якім споўнілася 14 гадоў. У ліку «шчасліўчыкаў» быў і прадстаўнік ад Валожыншчыны – васьмікласнік ДУА «Ракаўская сярэдняя школа» Яўген Анісовіч.
У гэтыя дні Яўген стаў сапраўднай зоркай не толькі ў сваіх родных Юржышках і школе. Яго здымак з Прэзідэнтам краіны надрукаваны на 1-й старонцы газеты «СБ: Беларусь сегодня»!
«Я спачатку нават на паверыў, што мне так пашанцавала, – шчыра прызнаўся Я. Анісовіч падчас нашай размовы. – А калі прыехаў у Палац Незалежнасці на ўрачыстасць, акрамя вялікага хвалявання ніякіх іншых пачуццяў не змог адчуць. Быў вельмі ўражаны тым, што наш Прэзідэнт – звычайны чалавек, як і ўсе. І вельмі добры. Уручаючы пашпарт, ён пажадаў нам быць патрыётамі і абараняць сваю Радзіму».
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і салодкія пачастункі. Пасля ўрачыстай цырымоніі вучні пабывалі на экскурсіі ў залах Палаца Незалежнасці – Яўгена асабліва ўразіла люстра ў кіназале вагой 2 тоны. Наведалі спецыяльны музей, дзе выстаўлены розныя падарункі, якія Прэзідэнту Беларусі дарыді кіраўнікі іншых дзяржаў і замежных дэлегацый, вядомыя дзеячы розных сфер.
Яўген Анісовіч – гаваркі, артыстычны, таленавіты і досыць развіты падлетак: стаў лаўрэатам раённага этапу абласнога конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019» у намінацыі «Працоўная дзейнасць». Без яго не абыходзіцца ні адно школьнае мерапрыемства, ён – актыўны кавэзэншчык, удзельнік гуртка народнай творчасці «Жаронцы», што створаны пры Ракаўскім цэнтры народнай творчасці. А вось у будучым марыць стаць ветэрынарным урачом і працаваць у сельскай гаспадарцы, бо любіць жывёлу і хоча ёй дапамагаць.
«Пасля сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам я прыйшоў да высновы, што трэба быць упэўненым у сваіх мэтах – выбраць дарогу і ісці па ёй», – адзначыў Яўген.
Уручэнне 23 лепшым школьнікам сталічнай вобласці пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь прайшло ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Валожыншчыну прадстаўляла вучаніца 8 класа Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Кацярына Скрундзь. Яна атрымала дыплом 3-й ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Упрыгожым Беларусь кветкамі» ў намінацыі «Кветкі Перамогі», з’яўляецца членам зборнай каманды дзяўчат па баскетболе, футболе, якая заняла 2-е месца ў раённых спаборніцтвах. Самы галоўны ў жыцці дакумент і кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» маладзёжны лідар атрымала з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына.
На мерапрыемстве губернатар Міншчыны цёпла і шчыра павіншаваў вучняў з Днём Канстытуцыі і адзначыў, што ў лёсе кожнага чалавека ёсць падзеі, якія застаюцца ў яго памяці назаўсёды. «Атрымліваючы пашпарт, вы робіце першы сур’ёзны крок у дарослае, свядомае жыццё, – падкрэсліў А. Турчын. – Месца гэтай урачыстай цырымоніі выбрана невыпадкова. Зусім хутка Беларусь шырока адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Хочацца, каб вы з юных гадоў адчувалі жывую сувязь з пакаленнем пераможцаў, подзвігі і тварэнні якіх дазваляюць сёння Міншчыне быць мацнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі. Мы трывала ўтрымліваем лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе. Дынамічна развіваецца эканоміка і сацыяльная сфера. Аб гэтым неабходна памятаць і імкнуцца ўнесці свой уклад у агульную справу».
У той дзень юныя грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасць наведаць з экскурсіяй Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У ім – 11 вялікіх залаў і больш за 8 тысяч экспанатаў, сярод якіх сапраўдныя баявыя машыны, самалёты і нават грузавы вагон нямецкага эшалона. Храналагічная экспазіцыя ахоплівае больш за 30 гадоў гісторыі – з пачатку 1920-х да канца 1950-х гадоў мінулага стагоддзя. Але галоўны акцэнт – беларусы ў Вялікай Айчыннай вайне і іх неацэнны ўклад у Перамогу, якая ёсць не ў кожнага народа.

