На базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына адбылося раённае метадычнае аб’яднанне педагогаў-арганізатараў «Спецыфіка прымянення інтэрактыўных тэхналогій у рабоце педагога-арганізатара».
Мерапрыемства праходзіла ў фармаце творчай лабараторыі і традыцыйна складалася з вучэбна-метадычнага і практычнага этапаў.
Вопыт работы сваёй установы прадставіла педагог-арганізатар СШ № 2 Святлана Макоўская. Яна правяла практыкум «Мы разам – гэта выдатна!»
Педагог-арганізатар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Антаніна Трацэўская пазнаёміла прысутных з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій у рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі.
У практычнай частцы на музейнай пляцоўцы члены аб’яднання «Наследнікі» СШ № 2 правялі экскурс «Беларуская хатка. Побыт нашых продкаў: куток ільноапрацоўкі», міні-квэст «Музейныя загадкі».
У цэнтры бяспекі жыццядзейнасці актывістка клуба выратавальнікаў-пажарных «Ліквідацыя», вучаніца 11 класа Кацярына Бацян і інспектар Валожынскага РАНС
Л. Сівец адпрацавалі навыкі мадэліравання зададзеных сітуацый з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання «Разам за бяспеку!». Яны расказалі, што рабіць, каб не трапіць у надзвычайную сітуацыю і як правільна з яе выйсці ў выпадку, калі пазбегнуць гэтага не ўдалося. Таксама правялі практычныя заняткі на інтэрактыўных пляцоўках «Правілы паводзін на вадаёмах у зімовы перыяд» і «Правілы выкліку аварыйна-выратавальных службаў».
Завяршылася мерапрыемства інтэлектуальна-забаўляльнай гульнёй «Поле цудаў», якую правяла Кацярына Латышава з вучнямі 6-7 класаў. Падчас яе рабяты паказалі сваю эрудыцыю і кемлівасць, праявілі творчыя і разумовыя здольнасці. Пераможцам стаў вучань 7 «Б» класа Мікіта Станкевіч.
Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы, кожны ўдзельнік метадычнага аб’яднання паказаў сваю актыўнасць і набыў новы каштоўны вопыт.

