З году ў год на зямлю ў квецені вясновых фарбаў прыходзіць Вялікдзень – урачыстасць з урачыстасцей Святой Царквы. З усіх канцоў зямлі ўзносіцца да неба пераможная песня: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць перамогшы, і тым, што ў магілах, жыццё дараваўшы!»
Сам Гасподзь, Сын Божы, прыйшоў у свет, каб знішчыць безнадзейнасць і роспачы роду чалавечага, сам Хрыстос Збавіцель узнёс да неба годнасць чалавека, які носіць у сабе вобраз і падабенства Божае. «Уваскрэс Хрыстос і жыццё жыве, уваскрэс Хрыстос, і мёртвы не адзін у магіле!»
У дзень Святога Хрыстова Уваскрэсення з асаблівай сілай адчуваецца, што мы не адны ў свеце, што Гасподзь з намі. Але будзем помніць пра тое, якой цаной здабыта для нас радасць Велікоднага свята і няхай умацоўвае яна нас у веры Хрыстовай і дае нам мужнасць і сілы супрацьстаяць усім спакусам свету.
У сягонняшнія няпростыя дні паглядзім на неба і ўразумеем, што ўласнымі справамі, грахоўным жыццём мы заслужылі пасланае нам выпрабаванне. Дык будзем жа падобныя на блуднага сына, вернемся і душой, і целам пад прытулак Бацькі Нябеснага, падзякуем Творцу, што не пакідае нас сваёй любоўю і міласцю. Праз усё жыццё пранясём нязманлівае абяцанне Збавіцеля пра тое, што Ён з намі «да сканчэння веку». Духоўнае ўзрастанне, ачышчэнне душы, пасільная праца ў славу Божую – вось на чым павінна грунтавацца жыццё хрысціяніна. Як ва ўсе часы, так і цяпер, будзем старацца жыць па-хрысціянску і выконваць прадпісанні нашай Царквы.
Сёлета мы святкуем 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Сімвалічна, што ў 1945 годзе Дзень Перамогі супаў з Вялікаднем, напаўняючы спрацаваныя сэрцы бацькоў і дзядоў нашых асаблівай, ні з чым не параўнальнай радасцю Пераможнага Уваскрэсення. Будзем помніць, што мы спадчыннікі вялікіх людзей, наследнікі волатаў. Станем жа мацнейшымі духам і больш загартаванымі целам, каб падрыхтавацца да нябеснага палёту і навучыцца адкрытымі вачамі глядзець на Сонца Праўды.
Узнясём свае малітвы і да Уладаркі Нябеснай, каб не пакінула зямлю нашу і з’яўлялася абаронцай, заступніцай, трымальніцай яе. Самім Богам даручана Царыцы Нябеснай весці ад славы да славы зямлю нашу ў Царства Божае. Нездарма ў 1470 годзе ікона Яе была яўленая ў Жыровічах. 550-годдзе яе здабыцця і 500-годдзе ўзнікнення Жыровіцкага стаўрапігіяльнага манастыра мы будзем адзначаць з вамі 20 мая. Пакладзём у сэрца сваё тое, што «…прадстаяцельствам Божай Маці суд аб айчыне прадастаўлены на міласць» – зямля, на якой мы нарадзіліся і жывём, была, ёсць і будзе пад покрывам Царыцы Нябеснай.
Наша духоўная гісторыя падае нам благаславёную нагоду з вялікай любоўю да Госпада і мірам у душы сустрэць усепераможную ўрачыстасць Вялікадня.
Са святам вас, улюбёныя браты і сёстры, са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем, будзем усе вартыя гэтага вялікага дару радасці.
Хрыстос Уваскрэс!
Сапраўды Уваскрэс!
З Божым благаславеннем –
Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель прыхода Святых
Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены ў Валожыне
протаіерэй Дзмітрый Агіевіч

