25 красавіка адбылося загаранне сухой расліннасці каля вёскі Лаўскі Брод Валожынскага раёна на плошчы 0,5 га. Пры правядзенні праверкі па гэтым факце было ўстаноўлена, што адна з жыхарак дадзенай вёскі такім чынам вырашыла пазбавіцца ад сухой травы на полi КСУП «Падбярэззе», якое зарасло травой.
«Я вырашыла падпаліць поле, каб трава не сеялася на мой агарод. Раней я так ніколі не рабіла. І зараз вельмі шкадую аб сваім учынку.»- патлумачыла жанчына.
На гэты раз, на шчасце, абышлося без ахвяр і страт. Але такія выпадкі вельмі часта прыводзяць да сумных наступстваў. Жанчына прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Нагадваем: выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забаронена. За парушэнне гэтай забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь. На тэрыторыі баз адпачынку, дачнага кааператыва, садаводчага таварыства, прысядзібнай тэрыторыі жылога дома дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для размяшчэння палаючага вугалю пры ўмове прыняцця мер па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі, пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэння сродкамі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка і г. д.). Пасля заканчэння прыгатавання ежы падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Размяшчэнне вогнішчаў дапускаецца на адлегласці не менш: 10 м ад будынкаў (збудаванняў), 20 м ад лясных масіваў, 30 м ад скiрд сена і саломы. Размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы на адлегласці не менш за 4 м ад будынкаў (збудаванняў).

