Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Працягласць жыцця ў Беларусі да 2030 года павінна скласці 80 гадоў

23.01.2020

Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі да 2030 года павінна скласці 80 гадоў, паведаміла сёння журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Гэта прадугледжана праектам нацыянальнай стратэгіі Беларусі "Дастойнае даўгалецце - 2030", які разглядаецца на пасяджэнні Нацыянальнага камітэта па народанасельніцтве пры Саўміне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта стратэгіі - максімальна павысіць узровень і якасць жыцця пажылых людзей. У дакуменце шэсць задач, па кожнай з іх ёсць канкрэтныя індыкатары, да якіх мы будзем імкнуцца. Калі гаварыць у сукупнасці, галоўная мэта - павялічыць працягласць жыцця. Калі апошнія даныя па працягласці жыцця - 74 з палавінай гады, то задача да 2030 года выйсці на 80 гадоў", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Міністр канстатавала, што дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца старэннем насельніцтва. "Колькасць грамадзян ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў - больш як 15 працэнтаў. Эксперты ААН гавораць аб тым, што калі звыш 7 працэнтаў людзей у краіне старэйшыя за 65 гадоў, насельніцтва лічыцца старым. Чакаецца, што ў 2030 годзе ў Беларусі доля пажылых людзей складзе 21 працэнт", - прывяла даныя Ірына Касцевіч.

Разам з тым такія тэндэнцыі назіраюцца не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, таму міжнародныя арганізацыі актыўна займаюцца распрацоўкамі стратэгій актыўнага даўгалецця. Беларусь пры распрацоўцы нацыянальнай стратэгіі супрацоўнічала з міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці з ЕЭК ААН.

Для павелічэння працягласці жыцця ў стратэгіі прапануецца ўкараняць новыя тэхналогіі для захавання здароўя, прыцягваць пажылых людзей да заняткаў фізкультурай і спортам, адкрываць школы актыўнага даўгалецця, здаровага ладу жыцця.

Акцэнт зробяць на адукацыйных паслугах, прычым не толькі для пажылых, але і для людзей перадпенсійнага ўзросту, якім сёння складана канкурыраваць на рынку працы. Паралельна з падрыхтоўкай праекта стратэгіі "Дастойнае даўгалецце - 2030" Мінпрацы распрацоўвае меры па падтрымцы людзей перадпенсійнага ўзросту на рынку працы. Размова ідзе аб удасканаленні іх персанальных навыкаў, перападрыхтоўцы і пошуку новай прафесіі, запатрабаванай на рынку працы.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што пры распрацоўцы стратэгіі важна вывучыць міжнародны вопыт падрыхтоўкі такіх дакументаў. Чакаецца, што да 2050 года ў 64 краінах доля людзей старэйшага ўзросту складзе больш як 30 працэнтаў насельніцтва.

"Пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы па ўмацаванні дэмаграфічнай бяспекі патрабуюць ад нас дэталёвага разгляду ўсіх аспектаў дэмаграфічнага развіцця, прыняцця вывераных рашэнняў па кожным напрамку", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Крыніца: belta.by