Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

«Беларусь памятае, Міншчына ганарыцца»

Одной из сестер символа сожженных деревень стала деревня Кражино Воложинского района. 21 мая 1943 года — последний день жизни для 213 местных сельчан. Возложение цветов у мемориала «Скорбящая мать» 
#Помнимкаждого #Беларусьпомнит


ВАЙНУ НЕМАГЧЫМА ЗАБЫЦЬ…

22 чэрвеня 1941 года – чорная дата ў гісторыі нашай краіны. Менавіта ў гэты дзень 78 гадоў таму прыйшла на беларускую зямлю фашысцкая навала – пачалася Вялікая Айчынная вайна. З кожным годам сведкаў тых падзей – франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу і проста мірных грамадзян, чыё жыццё апалена полымем страшнага ліхалецця, – становіцца менш. Зараз з намі засталіся ў асноўным людзі, якія ў далёкія саракавыя гады мінулага стагоддзя былі дзецьмі.

Надзеі Іванаўне КАВАЛЕНКА – 92 гады. У жанчыны цудоўная памяць, хоць, па яе словах, некаторыя падзеі і нават цэлыя перыяды жыцця хацелася б забыць назаўсёды. У першую чаргу – люты-сакавік 1944 года, калі разам з роднымі стала вязнем лагера смерці ў Азарычах…

Іх вёску Навасёлкі, што на Рагачоўшчыне, немцы спалілі – чысцілі плацдарм для абарончых збудаванняў. Маладых і моцных забралі капаць траншэі, іншых вывезлі на работу ў Германію. Пажылых, хворых, жанчын і дзяцей звезлі ў лес. Праз боль і нежаданне зноў перажыць страшныя дні раз-пораз перад вачамі паўстаюць рэдкі лес, калючы дрот, вокрыкі п’яных паліцаяў, нямецкая лаянка, сабачы брэх і… людзі, нашы беларускія людзі, якіх прывялі сюды на смерць. Іх трымалі пад адкрытым небам некалькі тыдняў. Навошта прыкладаць намаганні для знішчэння – самі памруць. І паміралі. Хто – ад тыфу, хто – ад холаду ці голаду, а каму дасталася куля пры спробе ўцячы…

Збавенне прыйшло раптоўна. Немцы адступалі пад націскам Чырвонай Арміі і, відаць, проста не паспявалі ліквідаваць сведкаў жудаснага злачынства. Знясіленыя, хворыя, яны не адразу зразумелі, што засталіся жывымі. Шматдзетная сям’я Надзеі паменшылася – страцілі малодшую сястрычку. Дзіцяці было толькі два з палавінай годзікі… Як жа накарміць астатніх шасцярых? Ад усёй гаспадаркі застаўся толькі стары хлеў. Там і пасяліліся. Мерзлі, галадалі, але не здаваліся – упарта хацелі жыць. Збіралі мінулагоднюю гнілую бульбу, розныя травы, ягады. Да таго ж ім аказвалі дапамогу людзі – дзяліліся апошнім. Надзея Іванаўна помніць, як першы раз пасля вызвалення засявалі соткі. З бульбай дапамагла замужняя сястра, якая жыла асобна і пазбегла

фашысцкага засценка. Насенкі было да крыўднага мала. Маці і бацька прыдумалі рэзаць яе на сегменты па колькасці “вочкаў”. Пасля ўсе яны літаральна маліліся на тыя радкі, што доўга не хацелі ўзыходзіць. Прырода іх тады добра падтрымала. Год выдаўся ўраджайным. Выжылі.

Паступова завялі скаціну, будаваліся. А дзеці яшчэ і вучыліся. Праўду кажуць, што ў людзей, якія пабывалі на краі пагібелі, прага да жыцця выходзіць на неверагодны ўзровень. Так і з нашай гераіняй. Як яна старалася вучыцца! Як імкнулася займець прафесію, зарабіць грошай, дапамагчы бацькам…

Скончыла Бабруйскае педвучылішча. Па размеркаванні прыехала на Валожыншчыну. Працавала ў Радзюках, Лінках, Шчаўканах. Тут сустрэла будучага мужа, нарадзіла дзяцей – Галіну і Аляксандра. Сям’я педагогаў (Фёдар Канстанцінавіч – выкладчык рускай і нямецкай моў, Надзея Іванаўна – настаўнік пачатковых класаў) доўгія гады жыла інтарэсамі школы. Дачка – фізік па адукацыі, успамінае, як аддана працавалі бацькі, колькі часу прысвячалі свайму прызванню. Нават дома працягваўся іх “вечны педсавет”.

Да ўласных дзяцей муж і жонка былі строгімі, але гэта не перашкодзіла ім стаць сапраўднымі сябрамі. Давер, узаемная павага да пачуццяў кожнага і разам з тым свабода пры прыняцці рашэнняў – на такіх прынцыпах існавала і цяпер існуе сям’я Каваленка.

Што сёння наталяе яе душу? Успаміны. Любіць пераглядаць старыя фотаздымкі, іх у сямейных альбомах – безліч. Навіны з тэлевізара ці газет, гутарка з добрым чалавекам, клопат блізкіх. Жанчына шчыра пералічвае ўсё, што яе радуе і цешыць. “У нас, – дзеліцца ўспамінамі, – заўсёды быў культ кніг”. І зараз Надзея Іванаўна – заўзятая аматарка паэзіі, сапраўдная прыхільніца творчасці Канстанціна Сіманава. Ёй, якая перажыла жах вайны, асабліва дарагім стаў верш “Жди меня!”. На маю просьбу пачытаць жанчына не адмовіла, хоць і заўважна хвалявалася. Любога на маім месцы да глыбіні душы кранула б такое шчырае і трапяткое выкананне знакамітага твора. Вядома, яна добра ведае, што значыць выжыць у невыносных абставінах, і як у гэтым дапамагаюць вера, надзея і любоў…

Н. І. Каваленка даўно ўдава. Дзеці і нават унукі выраслі. Хапіла ў яе лёсе і станоўчых эмоцый, і засмучэння. Але пажылая жанчына па-ранейшаму не губляе аптымізму, упэўнена, што не мае на гэта права. У тым сырым, халодным лесе яна, у адрозненне ад многіх іншых, не засталася назаўсёды – выжыла. Дачакала 75-й гадавіны вызвалення Беларусі. Значыць, моцная. Значыць, жыццё працягваецца.

25 06 2019 101


СІМВАЛ НАДЗЕІ І ГЕРАІЗМУ

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі і ў рамках акцыі, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, група вучняў 9 “А” класа Ракаўскай сярэдняй школы наведала Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў г. Мінску. Для некаторых гэта было ўжо не першае знаёмства з такой асаблівай гістарычнай святыняй. Многія былі тут упершыню.

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – не проста музей. Гэта сімвал надзеі, патрыятызму і гераізму савецкіх людзей. Гэта помнік тых страшных падзей і сведак смеласці і адданасці людзей, якія змагаліся за Радзіму. Нас, юнакоў і дзяўчат, уразіла экспазіцыя ўзбраення: танкі, ваенна-транспартныя самалёты і нават праслаўленая ў песнях “кацюша”. Асаблівую цікавасць прадстаўлялі рэчы Герояў Беларусі, такіх як маршал Сакалоўскі, разведчыца Алена Мазанік і інш. Не пакінулі абыякавымі і асабістыя дзённікі медсясцёр, а таксама падарункі – пасланні мірных жыхароў на фронт, кісет Кандрату Крапіве ад дачкі Люды…

Разважаючы пра вайну, хочацца верыць, што не толькі наша пакаленне, але і шмат будучых яна не закране, і нам не давядзецца бачыць падобны жах зверства. Шкада, што гэта перажылі нашы продкі, і якое шчасце, што мы жывём у мірнай Беларусі.

У ГОНАР ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ

Навучэнцы і супрацоўнікі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя напярэдадні 9 Мая сабраліся ў актавай зале ўстановы адукацыі, каб адзначыць агульнае свята радасці і гонару за Вялікую Перамогу брацкіх народаў Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй.

Адкрыў мерапрыемства дырэктар ліцэя У. І. Мітрошчанкаў. У сваім выступленні ён адзначыў, што ўжо цэлае пакаленне людзей у нашай краіне нарадзілася і пражыло ўсё жыццё пад мірным небам, а памяць пра вайну назаўжды застаецца ў нашых сэрцах і перадаецца з пакалення ў пакаленне. А верш, які так пранікнёна і шчыра Уладзімір Іванавіч прачытаў, закрануў самыя патаемныя ноткі душы кожнага з прысутных і прымусіў слязінкі заблішчаць у вачах.

Усе, хто знаходзіўся ў зале, схілілі галовы перад светлай памяццю тых, каго ўжо няма з намі, хто цаной уласнага жыцця вызваліў родную зямлю.

Песні і фотаздымкі ваенных гадоў, кадры франтавой кінахронікі, вершы, прысвечаныя героям-пераможцам, стварылі ў зале атмасферу агульнага дачынення да трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і яшчэ раз нагадалі, што абавязак нашчадкаў – свята захоўваць у сваіх сэрцах памяць пра вялікі подзвіг нашага народа.

ДА АБАРОНЫ РАДЗІМЫ ГАТОВЫ

На базе гімназіі № 1 г. Валожына прайшоў раённы этап рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел малодшыя школьнікі з пяці навучальных устаноў.

Суддзёй-каардынатарам выступіў настаўнік фізічнай культуры А. Б. Балабан. У судзейскую камісію, якую ўзначаліў капітан У. В. Паноў, увайшлі ваеннаслужачыя тэрміновай службы.

Кожная з пяці каманд выйшла на пастраенне ў адпаведнай прыгожай форме. Наперадзе рабят чакалі сур’ёзныя выпрабаванні. На першым этапе неабходна было прадэманстраваць свае ўменні ў страявой падрыхтоўцы. Бездакорна ў гэтым спаборніцтве

выступілі прадстаўнікі СШ № 2 г. Валожына. Прысутных уразіла выпраўка і сур’ёзнасць камандзіра дэсантнікаў з Ракаўскай СШ.

Атрады атрымалі маршрутныя лісты і адправіліся выконваць заданні. Станцыі “Павуцінне” і “Снайпер” размясціліся прама ў спартыўнай зале, а “Багна”, “Гаць”, “Міннае поле”, “Міны расцяжкі”, “Дот” – на спартыўнай пляцоўцы каля будынка гімназіі. Добраму задорнаму настрою спрыяла цёплае сонечнае надвор’е. Малодшыя школьнікі радаваліся выпадку пабыць на свежым паветры. На станцыях “Маленькія грамадзяне вялікай краіны”, “Сакрэтны пакет” у хлопчыкаў і дзяўчынак была магчымасць прадэманстраваць свае інтэлектуальныя здольнасці. Удзельнікі “Зарнічкі” сур’ёзна падышлі да кожнага конкурсу. Рабяты стараліся дзейнічаць зладжана, падбадзёрвалі і падтрымлівалі адзін аднаго. На станцыі “Дот” не было роўных у кіданні дроцікаў у прадстаўнікоў Дорскага ВПК, а найбольш мін абясшкодзілі вучні Ракаўскай СШ. Гімназісты першымі па агульным часе аказаліся на фінішы.

Усе каманды годна прайшлі выпрабаванні і справіліся з заданнямі. У выніку атрад “Пілот” Пяршайскага ВПК атрымаў Дыплом за ўдзел, каманды “Паветрана-дэсантныя войскі” Ракаўскай СШ і “Войскі спецыяльнага прызначэння” Дорскага ВПК – Дыпломы III ступені, атрад “Марачкі” гімназіі № 1 г. Валожына – Дыплом II ступені. Лепшы вынік паказаў атрад “Пагранічнікі” з СШ № 2, яны і прадставяць наш раён на абласным этапе спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”.

РЭХА ВАЙНЫ АДДАЕЦЦА Ў ПАМЯЦІ

Свята Вялікай Перамогі кожны раз застаўляе ўзгадваць тых, хто цаной свайго жыцця абараняў Радзіму ад фашысцкай навалы. Адным з гэтых герояў быў мой бацька Сцяпан Іванавіч Шалай.

Нарадзіўся і жыў ён у вёсцы Слабада Дорскага сельсавета. У 15 гадоў родны мне чалавек быў прызваны на фронт, а ў 19 – камісаваны ў сувязі з раненнем. Асколкі снарада, што непадалёк узарваўся, пазбавілі зроку. Ён доўга лячыўся ў шпіталі і вярнуўся дамоў інвалідам I групы. Тое, што наогул вярнуўся жывым, было вялікім шчасцем, бо мноства сяброў засталіся ляжаць на полі бою. А колькі аднавяскоўцаў не прыйшло з вайны… У 24 гады бацька ажаніўся, і ў сям’і нарадзіліся і выраслі пяцёра дзяцей.

Доўгія гады Сцяпан Іванавіч быў членам раённага грамадскага аб’яднання інвалідаў па зроку. Працаваў на вучэбна-вытворчым прадпрыемстве для невідушчых у Маладзечне. Калі цяпер успамінаю татачку, дзіўлюся неверагоднай яго сціпласці. Ён ніколі не хадзіў па інстанцыях, нічога не патрабаваў і не крычаў пра свае заслугі. Публічных сустрэч і расповедаў пра вайну не любіў. А 9 Мая выпіваў чарку за Перамогу, за сваіх загінуўшых сяброў, а пасля спяваў і плакаў. Словы гэтай песні “Выпьем за тех, кто командовал ротами, кто умирал на снегу…” назаўсёды ўрэзаліся ў маю дзіцячую памяць.

А найбольш уражвае, што нават родныя, у тым ліку і мы, дзеці, ніколі не адчувалі, што жывём з чалавекам, які нават не ведае, як выглядае яго хата, жонка, дзеці… Хоць быў зусім сляпы, ён, як і ўсе мужчыны ў пасляваенны час, будавў дом, узводзіў гаспадарчыя пабудовы, ставіў плот, гуляў з намі малымі, на памяць чытаў вершы і казкі. Успамінаецца, як бацька любіў слухаць радыё, як вывучаў азбуку для сляпых. І працаваў, працаваў, працаваў…

Татачкі няма ўжо 26 гадоў, а памяць пра яго да гэтай пары аддаецца ў маім сэрцы аглушальным болем.

Нізкі паклон героям усіх войнаў! І няхай заўсёды ганарацца імі нашы дзеці і ўнукі.

Наталля ПРАКОПЧЫК, жыхарка г. Валожына


Старонкі ваеннага ліхалецця

У раённай бібліятэцы адкрылася выстава “Дзеці вайны. Пра вайну і мір”. Ініцыятарамі і выканаўцамі выступілі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.

Кожны са стэндаў – яскравы аповед пра асобныя старонкі ваеннага ліхалецця, якое чорнай плямай лягло на лёсы юных беларусаў. Праз фотаздымкі, дакументы, успаміны сведкаў можна даведацца пра вязняў гета і канцэнтрацыйных лагераў, дзяцей-салдат, што разам з дарослымі змагаліся з фашысцкімі акупантамі ў партызанскіх атрадах, былі сувязнымі ў падполлі. Шмат інфармацыі пра дзяцей, вывезеных фашыстамі на прымусовыя работы ў Германію. Абавязкова прыцягнуць погляд наведвальнікаў і малюнкі, што адлюстроўваюць успрыняцце вайны дзецьмі. Выстава будзе працаваць да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

16 05 2019 10516 05 2019 106

Последнее изменение 14.05.2019