“Птушкі Налібоцкай пушчы” – выстава з такой назвай праходзіць у Валожынскім раённым музеі з 3 студзеня па 28 лютага 2013 года ў рамках праекта “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Праект накіраваны на стварэнне сеткі тэрыторый, важных для птушак (далей ТВП) у Беларусі, распрацаваны пры падтрымцы партнёраў са Швецыі (SOF) і Літвы. Гэта ўнікальны, першы ў гісторыі “Аховы птушак Бацькаўшчыны” праект, калі да актыўнага ўдзелу ў захаванні каштоўных прыродных тэрыторый і біяразнастайнасці далучыліся аматары прыроды і жыхары тэрыторый, важных для птушак.
А што такое Тэрыторыі, Важныя для Птушак? Адной з асноўных прычын знікнення відаў жывёл і раслін з’яўляецца знішчэнне іх натуральных месцаў пражывання. Таму адным з найбольш эфектыўных метадаў аховы большасці рэдкіх і многіх звычайных відаў птушак з’яўляецца захаванне каштоўных прыродных тэрыторый, неабходных для іх выжывання. ТВП – гэта тэрыторыя, якая з’яўляецца жыццёва важнай для захавання папуляцыі аднаго альбо некалькіх відаў птушак падчас гнездавання, зімоўкі альбо міграцыі. Гэтыя тэрыторыі выдзяляюцца на аснове пэўных крытэрыяў, распрацаваных міжнароднай сеткай прыродаахоўных арганізацый BirdLife International. Стварэнне ТВП дае падставы для ўсталявання на іх ахоўнага рэжыму, альбо для правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў, што вельмі важна для захавання не толькі птушак, але і біяразнастайнасці ўвогуле.
Адной з такіх тэрыторый стала Налібоцкая пушча, вялікая частка якой размешчана на тэрыторыі Валожынскага раёна. Багацце рэдкіх відаў птушак і адносная захаванасць ландшафтаў дазволілі арнітолагам надаць пушчы адмысловы статус – тэрыторыя, важная для птушак. Усяго ў рэспубліцы вылучана 53 ТВП, а ў свеце іх налічваецца больш за 10000 у 170 краінах. Праграма па вылучэнню і стварэнню ТВП у свеце пачалася ў 1981 годзе. Хоць наша рэспубліка далучылася да яе толькі ў 1996 годзе, аднак ужо цяпер большасць нашых ТВП маюць статус міжнародных.
Налібоцкая пушча… Чароўная і прывабная, з цікавай гісторыяй і трагічным лёсам. Чалавецтва столькі сэканоміла на прыродзе, што на ашчаджаныя сродкі, пэўна, можна было б пабудаваць рай. Страціўшы надзею стварыць рай для сябе, у чалавека хапіла мудрасці пакінуць хаця б некаторыя тэрыторыі для дзікіх жывёл, якія для асобных відаў сталі сапраўды “райскімі”. Адным з такіх месцаў і з’яўляецца Налібоцкая пушча. Месца ў поўным сэнсе ўнікальнае. На еўрапейскім кантыненце яна захавалася ў адносна некранутым стане і мае статут рэспубліканскага ландшафтнага заказніка, таму невыпадкова ў Налібоцкай пушчы адзначана 35 пазваночных жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Большасць з іх (29 відаў) – птушкі.
Па біялагічнай разнастайнасці Налібоцкая пушча нічым не ўступае запаведным тэрыторыям Беларусі. Захаванне такога дзівоснага куточка немагчыма без удзелу неабыякавых людзей.
Мала хто ведае, што Налібоцкая пушча магла стаць першым у царскай Расіі афіцыйным запаведнікам. Вядомы натураліст Фальц-Фейн, стваральнік славутага стэпавага запаведніка Асканія-Нова, меў у мястэчку Налібокі сваю сядзібу і планаваў стварыць у навакольных лясах запаведнік па ахове баброў. Але Першая сусветная вайна перакрэсліла планы энтузіяста, і толькі ў 1916 годзе ў Баргузінскай тайзе быў арганізаваны першы ў Расіі запаведнік па захаванні собаля. Першы ў Беларусі запаведнік быў арганізаваны ў 1926 годзе – Бярэзінскі.
На выставе прадстаўлены каляровыя фотаздымкі птушак Налібоцкага краю, плакаты, буклеты па дадзенай тэме. Змешчана шмат цікавых матэрыялаў пра “Птушку года”. Ёй стаў адзін з найбольш яркіх відаў пярнатых – удод. Такі статус пярнатыя атрымалі невыпадкова: існуе шэраг праблем, якія тычацца гэтага віду і патрабуюць абавязковага вырашэння. У прыватнасці, да гэтай пары невядомы арэал распаўсюджвання удода і дакладная колькасць гэтага віду ў Беларусі. Мяркуецца, што колькасць птушак не перавышае 20 тысяч пар. Акрамя таго, удоду, як і іншым пярнатым, якія селяцца ў дуплах, часта не хапае месц для гняздавання. Пад час экскурсіі на выставе ідзе гаворка пра мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу 2013 года і будуць аб’яднаны адной мэтай – прыцягнуць увагу да праблем гэтага віду пярнатых. Так, у бягучым годзе плануецца правесці мерапрыемствы па вырабу і размяшчэнню штучных гнёзд для удода, будзе арганізаваны ўлік гэтага віду ў рэгіёнах Беларусі.


