Интернет-ресурсы

Вторник, 12 Сентябрь 2017 12:08

СМАК, ФАНТАЗІЯ, ЯКАСЦЬ

Лепшых павароў, кандытараў і афіцыянтаў Міншчыны выбіралі на мінулым тыдні. Месцам правядзення 31-га абласнога конкурсу на гэты раз стаў наш райцэнтр.

Сёння спажывецкая кааперацыя, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю на рынку грамадскага харчавання, жыве і развіваецца. Прафесіяналы старанна ўдасканальваюць сваё майстэрства, таму іх паслугі карыстаюцца попытам. З кожным годам спаборніцтва між работнікамі ўстаноў арганізацыі абагачаецца новымі традыцыямі, узрастае ўзровень патрабаванняў да майстэрства.

40 удзельнікаў (16 павароў, 15 афіцыянтаў, 9 кандытараў) з 18 раёнаў вобласці, а таксама кіраўніцтва аблспажыўтаварыства  сабрала зала РЦК. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё конкурсу. Канкурсантаў і арганізатараў вітаў Валерый Мікалаевіч Марынічаў – старшыня праўлення абласной структуры. Ён адзначыў: “Карысць падобных конкурсаў цяжка пераацаніць. Яны дапамагаюць спецыялістам вырастаць у прафесійным плане, дазваляюць абмяняцца вопытам, навучыцца новым прыёмам у прыгатаванні, афармленні і падачы страў”.

Майстроў прадстаўлялі начальнікі аддзелаў грамадскага харчавання. Не ўсе раёны забяспечылі ўдзел у кожнай з конкурсных намінацый. Каманда з Валожына была сфарміравана ў поўным складзе. Гонар нашага райспажыўтаварыства абаранялі афіцыянт рэстарана “Іслач” Аксана Антонаўна Лянкевіч, кандытар Лілія Віктараўна Саевіч і повар Ірына Іванаўна Іода. Кожная з іх мае 5-ы разрад у сваёй прафесіі.

Непасрэдна конкурсныя падзеі развярнуліся на базе рэстарана “Іслач”. Для кожнай катэгорыі былі падрыхтаваны асобныя заданні, ацэньваліся якія па досыць жорсткіх крытэрыях.

Кандытары выпякалі вясельны торт. Вядома, што смак выпечкі –  галоўная яе характарыстыка. Аднак знешні выгляд адыгрывае не апошнюю ролю падчас дэгустацыі кулінарных шэдэўраў. Таму канкурсанткі далі волю фантазіі. У выніку ў памяшканні сталовай (менавіта там прайшла абарона) панавала буйства форм, колераў і памераў, а ад водару ванілі, карыцы, шакаладу галава ішла кругам. Многія вырабы аказаліся настолькі складанымі ў выкананні, што цяжка было здагадацца, якім чынам створана падобная прыгажосць.

Вясельная тэма мела працяг і ў абедзеннай зале рэстарана. Афіцыянты атрымалі заданне аформіць канды-бар. Кожны ўдзельнік загадзя распрацоўваў канцэпцыю свайго стала, яго аздабленне. Апетытнае напаўненне (яшчэ адно з конкурсных заданняў кандытараў) было пададзена пры дапамозе самых незвычайных прадметаў, што, аказваецца, можна выкарыстоўваць у якасці посуду. Прадстаўніца Валожына, напрыклад, для сервіроўкі прыстасавала шкляныя вазы і шматпавярховую міні-этажэрку, на якіх размясціла безліч капкейкаў (невялічкія кексы), кейк-попсаў (міні-пірожныя на палачцы), пціфураў (асарці з маленькага пячэння). Цікавай была і яе візітоўка. Аксана Антонаўна вітала ўмоўных маладажонаў прыгожым вершам на беларускай мове.

У гэты час на рэстараннай кухні таксама кіпела жыццё. Для павароў арганізатары па традыцыі падрыхтавалі “чорныя скрынкі”. Кожны ўдзельнік атрымаў прадукт, які павінен быў стаць асновай дзвюх страў – закускі і гарачага. Повару з Валожына "чорная скрынка" дасталася ўдалая. Там яна знайшла добры кавалак свіной выразкі. У выніку апетытны медальён са складаным гарнірам і салата “Восеньская палітра” выклікалі адабрэнне журы, члены якога, дарэчы, вельмі прынцыпова ставіліся да сваіх абавязкаў.

Каманда журы была прадстаўлена спецыялістамі сектара грамадскага харчавання аблспажыўтаварыства, прадстаўнікамі прадпрыемстваў вобласці. Кіраўніцтва Валожынскага райвыканкама не засталося ўбаку ад падзеі абласнога маштабу. Кіраўнік раёна Мікалай Анатольевіч Астрэйка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі знайшлі час, каб асабіста павітаць удзельнікаў і арганізатараў конкурсу.

Мерапрыемства доўжылася на працягу двух дзён і завяршылася цырымоніяй узнагароджання, якую правёў старшыня журы, начальнік сектара грамадскага харчавання аблспажыўтаварыства Дзмітрый Паўлавіч Пляханаў. У намінацыях “Майстар-пельменыч”, “Майстар арт-класа”, “Лепшы барыста” і іншых пераможцамі аказаліся прадстаўнікі Уздзенскага, Нясвіжскага, Любанскага, Копыльскага раёнаў. Гран-пры конкурсу атрымала каманда з Лагойска. Узнагароды за першае месца паехалі ў Стоўбцы, Нясвіж і Любань. Дыплом II ступені дастаўся прастаўнікам пяці раёнаў. Сярод іх наша кандытар Л. В. Саевіч. Яе трохпавярховы торт па арыгінальнай, складанай рэцэптуры быў прызнаны адным з лепшых. Дыпломам III ступені адзначана работа шасці ўдзельнікаў, у тым ліку і нашага афіцыянта  А. А. Лянкевіч. Заахвочвальны прыз атрымала повар І. І. Іода. Як адзначыў старшыня Валожынскага райспажыўтаварыства Валерый Уладзіміравіч Бітэль, з улікам таго, што канкурэнцыя падчас конкурсу была значнай, вынік нашай каманды – два прызавыя месцы – безумоўна, радуе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Прочитано 22 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://volozhin.gov.by/ru/home/novosti-regiona/item/3054-smak-fantaziya-yakasts#sigProGalleria7e5f86648f

Погода в Воложине

© 2008 - 2013 Воложинский районный исполнительный комитет
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
222357, г.Воложин, пл. Свободы, 2, тел. 8 (017-72) 55-57-2

О САЙТЕ | КАРТА САЙТА | КОНТАКТ

Яндекс.Метрика

Разработка и поддержка сайта:
УП «Минская волна» , тел. (017) 222-23-53 
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.