Интернет-ресурсы

Четверг, 14 Июнь 2018 16:20

Ювеліры па дрэве

 

8 чэрвеня стадыён у мікрараёне Сельгастэхніка з самай раніцы шумеў і хваляваўся. На гэтым спартыўным аб’екце сабраліся балельшчыкі і тыя, каму выпала магчымасць паспаборнічаць у спрыце, хуткасці і дакладнасці – работнікі лясной галіны вобласці.

ДЛГУ “Валожынскі лясгас” да абласных спаборніцтваў вальшчыкаў лесу “Лесаруб-2018” падрыхтаваўся, як да самага важнага мерапрыемства: загадзя набылі піламатэрыялы ў калег з Верхнядзвінскага раёна, дамовіліся з райспажыўтаварыствам, каб усе сабраныя маглі пачаставацца халодным квасам, ваенная часць згатавала салдацкую кашу, а работнікі культуры забяспечылі сцэнічнай апаратурай і канцэртнай праграмай. На ўсялякі “пажарны” прысутнічалі медыкі і выратавальнікі, працавала палатка з таварамі сродкаў аховы і спецадзення. Адзінаццаць супрацоўнікаў Валожынскага лясгаса з венікамі і шуфлікамі забяспечвалі чысціню на пляцоўках.  

Сярод афіцыйных асоб былі прадстаўнікі кіруючага корпуса лясной галіны вобласці, а гонар звярнуцца да ўдзельнікаў спаборніцтва ад імя мясцовай улады выпаў намесніку старшыні райвыканкама І. У. Шакуну.

Стартавай пляцоўкай конкурсу стаў шацёр, дзе пад пільным вокам журы лесарубы на хуткасць збіралі пілы. Тут патрабавалася не толькі ўменне, але і асцярожнасць – каб ні драпінкі не было на руках. Дваццаць каманд па чарзе прыступілі да задання. І паплыў над стадыёнам водар свежараспіленага дрэва…

Гледачы, якія размяшчаліся на бяспечнай адлегласці, назіралі, як за лічаныя секунды ад тоўстага бервяна адразаліся круглыя “блінцы”, як хутка і гладка выдаляліся сукі. Відовішча захапляла і хвалявала: віртуознасць пільшчыкаў межавала з нейкімі фокусамі. Здавалася, што майстры спецыяльна казытаюць нам нервы, нахіляючыся да самага ляза, выварочваючы яго ў жахлівай блізкасці да ног і рук. Вось толькі журы на гэта ўвагі не звяртала. Яно ацэньвала гладкасць спілу, замярала іншыя параметры. Патрабаванні – па міжнародных правілах XXXII Сусветнага чэмпіянату лесарубаў.  Залікі ставіліся па індывідуальных выніках, агульнакамандных паказчыках.

Барацьба за званне лепшага па прафесіі вялася не толькі на стадыёне, але і ў лесе. Непадалёку Адамова, на тэрыторыі Вішнеўскага лясніцтва адшукаліся адмысловыя паляны, дзе сосны раслі адна ў адну. Дабірацца да іх было зручна, а пра ўсё неабходнае для прабывання вялікай колькасці людзей наш лясгас паклапаціўся. Тэхніку бяспекі таксама трымалі на высокім узроўні. Так, журналісцкая група з тэлеканала “Беларусь 1” працавала без замінак, з задавальненнем прымяраючы ахоўныя шлемы і крочачы нага ў нагу за спецыялістам лясгаса, каб выканаць сваю місію. 

Пабываўшы ў такім шматлікім акружэнні вальшчыкаў лесу, можна ўпэўнена сказаць, што гэта цяжкая, небяспечная прафесія мае “малады твар”. Колькі слоў ушчування ў адрас моладзі можна пачуць: шукаюць лёгкага хлеба, не любяць фізічную працу, імкнуцца толькі да грошай. А вось жа ёсць яны, сучасныя героі! Сярод прыгожых, фізічна моцных хлопцаў у аднолькавым спецадзенні складана было распазнаць нашых – Віктара Лукашыка, Аляксея Федаровіча, Івана Ашмянскага. Але пачуўшы жарт: “Сцеражыцеся нашых вялікіх камароў! Яны сядаюць на плячо і кусаюць за вуха!”, я ўжо ведала, дзе іх шукаць. Тройка лесарубаў з Валожынскага раёна не навічкі, справу сваю ведаюць да драбніц. Ад іх дазналася, што ствол неабходна выдаліць максімальна нізка да зямлі, падабраць вугал надрэзу так, каб дрэва ўпала строга на зададзеную цэль. Сёлета надвор’е выдалася  спрыяльным для спаборніцтва, а вось вецер падкачаў у прамым і пераносным сэнсе: штохвіліны мяняў напрамак. 120 секунд давалася лесарубу на выкананне задання, і нават за такі кароткі час вецер многім папсаваў вынікі. Але затое колькі апладысментаў зрывалі тыя шчасліўчыкі, у каго спілаванае дрэва клалася як па камандзе! 

У другой палове дня пра стому забыліся. Усе з нецярпеннем  сачылі за падлікам балаў. На сцэнічнай пляцоўцы свайго новага гаспадара чакала старая ржавая піла, якой калісьці ў вёсках пілавалі дровы. Везці дадому гэту антыкварную рэч, упрыгожаную стужкамі і бантамі, нікому не хацелася, бо, па традыцыі, яе ўручаюць камандзе, якая заняла апошняе месца. У нагрузку да яе – правядзенне будучага спаборніцтва лесарубаў. 

Са слоў генеральнага дырэктара Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргея Мацюшэўскага, мерапрыемства апраўдала ўсе спадзяванні, прайшло зладжана, арганізавана, а непасрэдныя ўдзельнікі атрымалі бясцэнны прафесіянальны вопыт.

Сёлета фартуна ўсміхнулася вальшчыкам з Бярэзінскага, Вілейскага і Клецкага лясгасаў. Наша каманда заняла 12-е месца.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Прочитано 173 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://volozhin.gov.by/ru/home/novosti-regiona/item/4172-yuveliry-pa-dreve#sigProGalleria04ee7184e0

Погода в Воложине

© 2008 - 2013 Воложинский районный исполнительный комитет
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
222357, г.Воложин, пл. Свободы, 2, тел. 8 (017-72) 55-57-2

О САЙТЕ | КАРТА САЙТА | КОНТАКТ

Яндекс.Метрика

Разработка и поддержка сайта:
УП «Минская волна» , тел. (017) 222-23-53 
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.