Интернет-ресурсы

Вторник, 10 Июль 2018 10:54

ТУТ КАРАНІ. АДСЮЛЬ ВЫТОКІ

 

     Куды б ні закінуў нас лёс, як бы ні склалася жыццё ў будучым, у кожнага ёсць дом, ёсць малая радзіма, дзе мы заўсёды знойдзем суцяшэнне і адчуем нябачную падтрымку. Менавіта таму 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы.

    “Бацькоўская хата” – гэты выраз шчымліва кранае наша сэрца. Пакуль жывыя бацькі, мы наведваемся на родны парог даволі часта. Але праходзіць час, і нас ужо ніхто не сустракае ля знаёмых варот. Захаваць бацькоўскую сядзібу ў належным стане не кожны можа. Самы зручны спосаб – яе прадаць. Я таксама прыняла такое рашэнне. Нічога дрэннага не магу сказаць пра новага гаспадара, хоць ён чалавек сталічны. Добры, акуратны, працавіты, на двары навёў парадак: выразаў старыя яблыні, пасадзіў туі, абнавіў агароджу, на вокны паставіў рашоткі, каб зладзеі не праніклі, пафарбаваў сцены. Мы паказалі матулі яе былую сядзібу. Яна падзякавала Богу, што хата трапіла ў добрыя рукі.

    У апошні час я ўсё часцей бачу ў сне родную вёску, свой двор, хату, у якой прайшло дзяцінства. Агарнулі ўспаміны.

    Вёска наша вялікая, дзяцей было шмат. Днём хадзілі ў мясцовую школу, а пад вечар выбягалі на двор, каб пагуляць у выбівалы, немчыка, пікара, а зімой пакатацца з горкі на санках. Іншы раз загуляемся так позна, што не заўважаем, як наступае ноч. У хату заходзілі баязліва, бо, вядома ж, бацькі па галаве не пагладзяць. Летам вольнага часу было больш. Але сваю работу мы ведалі: пасвілі кароў і свіней, памагалі ў полі, хадзілі па ягады. А пасля беглі на вечарынку. Падлеткамі з цікавасцю назіралі за сталымі хлопцамі і дзяўчатамі, а пасля самі ладзілі танцы. У той час многія юнакі ўмелі іграць на гармоніку. Мы танцавалі, а “музыканты” па чарзе змянялі адзін аднаго. Як даўно гэта было! Але сёння прыемна ўсё ўспомніць!

    На вялікі жаль, апусцелі вёскі. Зараслі былыя сцежкі і вуліцы. Перад зімой давялося мне яшчэ раз пабываць у Дубіне Вяршыцкай, са знаёмымі паехалі за экспанатамі для музея. Адразу кінулася ў вочы, дзе на падворку ёсць гаспадар, а дзе, як кажуць, гуляе вецер.

    Вось былая сядзіба нашых сваякоў. Дом дзеці разабралі і прадалі, а запушчаны і асірацелы двор ператварыўся ў бур’ян. Такіх пакінутых і забытых участкаў у вёсцы многа.

    Мне вельмі захацелася прайсці бліжэй да бацькоўскай сядзібы, але на варотах убачыла замок. Гаспадар дбайны, ва ўсім любіць парадак. І хоць сэрца шчымліва забілася, калі позірк спыніўся на знаёмых сенцах, але я хутка супакоілася: усё ж стаіць наша хата, а магла і не стаяць…

    Аднойчы пасля зімы мы засталі выбітыя вокны, вырваныя дзверы. Нехта “добра” тут пагаспадарыў. Вось так я разважаю і суцяшаю сябе, калі паўстае пытанне, ці правільна паступіла, што не зберагла тое, без чаго жыць вельмі цяжка, куды нельга ўжо вярнуцца, да чаго немагчыма прытуліцца, дзе больш не змагу адпачыць душой?

    А колькі прадметаў паўсядзённага карыстання было ў бацькоўскай хаце, пра якія нашы дзеці і ўнукі не ведаюць! Мае аднагодкі – сведкі таго, як нашы матулі пралі, ткалі, шылі, вязалі, пынілі гаспадарку, а бацькі выконвалі любую сталярную работу, плялі кошыкі, аралі, сеялі, баранавалі. Прылады сялянскай працы мелі ўсе гаспадары. Каб гэтыя рэчы засталіся жыць, іх можна перадаць у наш музей. І хоць кажуць, што ўздыхаць па старых рэчах і вяртацца да старога ладу жыцця, не варта, але ведаць, як жылі бацькі, дзяды, прадзеды, трэба. Таму мы і аформілі ў музеі выставу “Матывы бацькоўскай хаты”. Сама выстава невялікая, але нагадае кожнаму, як выглядала хата нашых продкаў. А дзецям цікава будзе не толькі пазнаёміцца з інтэр’ерам сялянскай хаты, але і паглядзець на прадметы сялянскага побыту, даведацца пра іх назвы і прызначэнне.

    Паважаныя жыхары Валожыншчыны, запрашаем наведаць выставу, якая дапаможа душой дакрануцца да вытокаў. Думаю, што пасля гэтага ў вас узнікне жаданне пабываць на сваёй малой радзіме, бо родны куточак – своеасаблівы духоўны скарб, якім неабходна даражыць і зберагаць, каб дзеці і ўнукі маглі сказаць: «Зямля бацькоў – жыцця крыніца».

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнікВаложынскагакраязнаўчага музея

Прочитано 302 раз

Погода в Воложине

© 2008 - 2013 Воложинский районный исполнительный комитет
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
222357, г.Воложин, пл. Свободы, 2, тел. 8 (017-72) 55-57-2

О САЙТЕ | КАРТА САЙТА | КОНТАКТ

Яндекс.Метрика

Разработка и поддержка сайта:
УП «Минская волна» , тел. (017) 222-23-53 
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.